падсямейства прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 роды, 2 (3) віды Т.: белы, або звычайны, ці талпыга (Hypophthalmichthys molitrix) і стракаты, або вялікагалоў, ці паўднёвы (Aristichthys nobilis). Пашыраны ў рэках Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, бас. Амура. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі, на ПдУсх. Еўропы. На Беларусь завезены ў сярэдзіне 1960-х г. для сажалкавых гаспадарак, з 1970 заселены ў некат. азёры.
Даўж. да 1 м і больш, маса да 35 кг (Т. стракаты). Цела высокае, укрытае дробнай луской. Лоб шырокі, пукаты. Вочы размешчаны нізка. Спінны плаўнік кароткі, без калючых промняў. Маляўкі кормяцца зоапланктонам, дарослыя — фітапланктонам (белы Т.) або мяшаным кормам (стракаты Т.). Аб’екты промыслу і развядзення. Меліяратары вадаёмаў.