Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛАКНЯ́НКА (Arctostaphylos),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 70 (паводле інш. звестак больш за 30) відаў. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайная, або мядзведжае вушка, ці мядзведжая ягада (A. uvaursi), падобная на брусніцы. Трапляецца ў хваёвых лясах на пясчанай глебе, утварае рыхлыя дзярніны.

Вечназялёныя распасцёртыя кусцікі з моцна галінастымі стволікамі. Парасткі доўгія. галінастыя. Лісце чаргаванае, скурыстае, бліскучае, суцэльнакрайняе. Кветкі ружовыя, у верхавінкавых. паніклых, аднабаковых гронках. Плод — чырв. мучністая ягада, корм для мядзведзяў і некат. птушак. Лек., дэкар., дубільныя. фарбавальныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Талакнянка звычайная.

т. 15, с. 397

«ТАЛАКУ́ХА»,

старажытны бел. нар. танец; называлі таксама «Талака» (ад звычаю «граць талаку» — весяліцца, спяваць і танцаваць пасля заканчэння талакі). Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Асн. рух танца «талачэнне» — таптанне на месцы з рознымі рытмічнымі прытупамі і драбушкамі. Дзяўчаты ўтваралі паўкруг, тупалі нагамі і падскоквалі, не сыходзячы з месца, размахвалі хусткамі. Саліравала дзяўчына, што стаяла спераду; па ходу танца яна трапляла ў цэнтр круга і запявала. Выконваўся на дажынках. Імітаваў талаку. Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 15, с. 398

ТАЛАЛА́Й Леў Барысавіч (1906, Магілёўшчына — 1942),

яўрэйскі паэт. Вучыўся ў Віцебскім пед. тэхнікуме (1926—28). З 1932 супрацоўнік яўр. газ. «Юнкер Арбайтэр» («Малады рабочы»), з 1936 настаўнічаў у Мінску. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Друкаваўся з 1924. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Аўтар паэт. зб-каў «Мой першы сноп» (1932), «У паходзе» (1940) пра жыццё вёскі. баявыя будні байцоў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Бялевіч, Р.​Няхай.

Літ.:

Рэлес Р. Леў Талалай // Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Леў Талалай // Радзіме — радок і жыццё. Мн., 1986.

т. 15, с. 398

ТАЛАЛІ́ХІН Віктар Васілевіч (18.9.1918, с. Цяплоўка Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 28.10.1941),

лётчык-знішчальнік. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір звяна, нам. камандзіра эскадрыллі. У 1941 упершыню здзейсніў таран у начным паветр. баі, знішчыў бамбардзіроўшчык ворага на подступах да Масквы. У наступных баях збіў яшчэ 5 самалётаў праціўніка. Загінуў у баі.

т. 15, с. 398

ТАЛА́МУС зрокавыя бугры,

частка прамежкавага мозга, парныя збіранні шэрага рэчыва, якія ўтвараюць бакавыя сценкі 3-га жалудачка; гал. падкоркавы цэнтр інтэграцыі адчувальнасці. У ніжэйшых пазваночных забяспечвае ажыццяўленне рэфлексаў. Развіццё Т. звязана з фарміраваннем кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. У Т. чалавека вылучаюць каля 60 ядраў (спецыфічных і неспецыфічных). Мае некалькі функцыян. зон, звязаных са сваёй коркавай вобласцю. Т. вентральны мае сярэдзінныя, медыяльныя, вентралатэральныя і заднія ядры; дарсальны — пярэднія, медыяльнае і дарсальнае, перадпокрыўныя ядры. Вылучаюць функцыян. класы гэтых ядраў: спецыфічныя ядры скураных сенсорных органаў, вока і вуха (пераключальныя структуры саматычных і вісцэральных сістэм); ядры з пераважна рухальнымі функцыямі (звязваюць мазжачковыя і базальныя гангліі з рухальнай карою); ядры з асацыятыўнымі функцыямі, таксама неспецыфічныя ядры (павышаюць узбуджальнасць коркавых нейронаў і здольнасць да адказаў на паступаючыя імпульсы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 398

ТАЛА́НКІН Ігар (Індустрый) Васілевіч (н. 3.10.1927, г. Нагінск Маскоўскай вобл.),

расійскі кінарэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1956), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). У 1964—89 кіраўнік рэжысёрскіх майстэрняў Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (з 1976 праф.). Паставіў фільмы «Сярожа» (з Г.​Данелія, 1960, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Уступ» (1963, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Дзённыя зоркі» (1968), «Чайкоўскі» (1970), «Выбар мэты» (1976), «Айцец Сергій» (1978), «Зарапад» (1982), «Час адпачынку ад суботы да панядзелка» (1984), «Восень, Чартанава» (1988), «Д’яблы» (1992), «Нябачны вандроўнік» (1998).

т. 15, с. 398

ТАЛА́ПІН Віталь Іванавіч (н. 15.2.1935, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959), дзе працаваў да 1972. З 1972 у БелНДІ санітарыі і гігіены (нам. дырэктара). Навук. працы па комплексным вывучэнні фармакалогіі энтэрахрамафіннай клетачнай сістэмы.

Тв.:

Состояние энтерохромаффинных клеток при стрессе (разам з Т.​А.​Вылегжанінай) // Здравоохранение Беларуси. 1968. № 6.

т. 15, с. 398

ТАЛАСАКРАТО́Н (ад грэч. thalassa мора + kratos сіла, магутнасць),

устойлівая або маларухомая вобласць ложа акіянаў, у межах якой развіты абісальныя раўніны. Тэрмін уведзены аўстр. геолагам Р.​Фейрбрыджам у 1955. Найб. стараж. Т. Ціхага і ўсх. ч. Індыйскага акіянаў, якія існуюць, магчыма, з дакембрыю; менш стараж. — зах. ч. Індыйскага, Атлантычнага і Паўн. Ледавітага акіянаў, якія, верагодна, утварыліся ў палеазоі — мезазоі. У складзе Т. вылучаюць акіянічныя пліты або монакратоны, сярэдзіннаакіянічныя хрыбты, унутрыкратонныя і перыкратонныя валы, вузкія глыбавыя хрыбты горставага тыпу, доўгія зоны разломаў (паводле тыпу аўлакагенаў мацерыковых платформ) і вулканічныя збудаванні. У канцэпцыі «новай глабальнай тэктонікі» (або тэктонікі пліт) складаюць ч. пліт літасферы.

т. 15, с. 398

ТАЛАСАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,

перыяды ў гісторыі Зямлі, калі значна пашыралася плошча мораў (трансгрэсіі). Супадаюць з сярэдзінай тэктанічных цыклаў, калі на б. ч. зямной паверхні пераважалі апусканні. Проціпастаўляюцца геакратычным перыядам. Да ліку Т.п. адносяць сілур, сярэдні і позні дэвон, ранні карбон, позні мел. Павелічэнне плошчы гідрасферы садзейнічала развіццю вільготнага марскога клімату з малымі ваганнямі т-ры. У гэты перыяд намнажаліся пераважна марскія асадкавыя тоўшчы, б. ч. якіх складалі карбанатныя пароды.

т. 15, с. 398

ТАЛАСАТЭРАПІ́Я (ад грэч. thalassa мора + тэрапія),

комплекснае лячэнне марскім кліматам і марскімі купаннямі, від клімататэрапіі. Загартоўвае арганізм, трэніруе механізмы тэрмарэгуляцыі, станоўча ўздзейнічае на нерв., сардэчна-сасудзістую, мышачную, дыхальную сістэмы, паляпшае абмен рэчываў, павялічвае спажыванне кіслароду і інш. Паказанні: захворванні нерв., сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм, парушэнні абмену рэчываў і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 398