ТАЛАКНЯ́НКА (Arctostaphylos),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 70 (паводле інш. звестак больш за 30) відаў. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайная, або мядзведжае вушка, ці мядзведжая ягада (A. uvaursi), падобная на брусніцы. Трапляецца ў хваёвых лясах на пясчанай глебе, утварае рыхлыя дзярніны.

Вечназялёныя распасцёртыя кусцікі з моцна галінастымі стволікамі. Парасткі доўгія. галінастыя. Лісце чаргаванае, скурыстае, бліскучае, суцэльнакрайняе. Кветкі ружовыя, у верхавінкавых. паніклых, аднабаковых гронках. Плод — чырв. мучністая ягада, корм для мядзведзяў і некат. птушак. Лек., дэкар., дубільныя. фарбавальныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Талакнянка звычайная.

т. 15, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)