ТАЛА́МУС зрокавыя бугры,

частка прамежкавага мозга, парныя збіранні шэрага рэчыва, якія ўтвараюць бакавыя сценкі 3-га жалудачка; гал. падкоркавы цэнтр інтэграцыі адчувальнасці. У ніжэйшых пазваночных забяспечвае ажыццяўленне рэфлексаў. Развіццё Т. звязана з фарміраваннем кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. У Т. чалавека вылучаюць каля 60 ядраў (спецыфічных і неспецыфічных). Мае некалькі функцыян. зон, звязаных са сваёй коркавай вобласцю. Т. вентральны мае сярэдзінныя, медыяльныя, вентралатэральныя і заднія ядры; дарсальны — пярэднія, медыяльнае і дарсальнае, перадпокрыўныя ядры. Вылучаюць функцыян. класы гэтых ядраў: спецыфічныя ядры скураных сенсорных органаў, вока і вуха (пераключальныя структуры саматычных і вісцэральных сістэм); ядры з пераважна рухальнымі функцыямі (звязваюць мазжачковыя і базальныя гангліі з рухальнай карою); ядры з асацыятыўнымі функцыямі, таксама неспецыфічныя ядры (павышаюць узбуджальнасць коркавых нейронаў і здольнасць да адказаў на паступаючыя імпульсы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)