ТАКСАФО́Н, тэлефон-аўтамат,
разнавіднасць тэлефоннага апарата, у якім злучэнне з выкліканым абанентам адбываецца пасля апускання манет пэўнай вартасці або спец. жэтона.
т. 15, с. 394
ТАКСА́ЦЫЯ ЛЕ́СУ (ад лац. taxatio ацэнка),
комплекс тэхн. мерапрыемстваў з мэтай вызначэння, уліку і ацэнкі колькасных і якасных характарыстык лясных рэсурсаў. Асн. работы па Т.л. — перыядычнае лесаўпарадкаванне. Уключае метады і тэхналогіі вымярэння і мадэліравання асн. аб’ектаў уліку (лесапрадукцыі, асобных дрэў і іх сукупнасцей, лясных масіваў і інш.), для якіх з дапамогай таксацыйных паказчыкаў (запас і прырост пасадак, сартыментная структура і інш.) складаецца таксацыйнае апісанне. Пры Т.л. ацэньваюцца і інш. лясныя прадукты (ігліца, лісце, ягады, грыбы, лек. і тэхн. сыравіна). Неабходна для рацыянальнага планавання і правядзення лесагасп. дзейнасці. аховы прыроды.
Літ.:
Орлов М.М. Лесная таксация. 3 изд. Л., 1929;
Захаров В.К. Лесная таксация. 2 изд М., 1967;
Анучин Н.П. Лесная таксация. 5 изд. М., 1982.
А.А.Малажаўскі.
т. 15, с. 394
ТАКСІ́, таксаматор (ад франц. taxi),
стандартны аўтамабіль з пэўнымі адрозненнямі (афарбоўка кузава, каляровы ліхтар, лічыльнік і інш.), прызначаны для перавозкі пасажыраў і грузаў з аплатай праезду паводле паказанняў лічыльніка. Упершыню Т. з’явіліся ў Лондане ў 1903, у Пецярбургу — 1907, у Мінску — у 1912. Па вызначаных маршрутах з пэўнымі інтэрваламі ад’езду з канцавых пунктаў і адначасовай аплатай за праезд ездзяць т. зв. маршрутныя Т.
т. 15, с. 394
ТАКСІДЭРМІ́Я (ад грэч. taxis будова + дэрма),
выраб чучал жывёл. Скуру жывёлы напаўняюць мяккім матэрыялам (пакуллем, ватай) або нацягваюць яе на гатовую цвёрдую мадэль жывёлы. На Беларусі Т. займаюцца ў запаведніках, запаведна-паляўнічых гаспадарках, музеях і інш.
т. 15, с. 394
ТАКСІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. toxikon яд + ...логія),
навука пра ўласцівасці ядаў механізм іх дзеяння на арганізм, сутнасць выкліканага імі паталаг. працэсу (атручэння), метады яго лячэння і магчымасці ўжывання атрутных рэчываў у біялогіі і медыцыне. Адрозніваюць агульную і прыватную Т. Раздзелы Т.: клінічная, прамысл., с.-г., харч., судовая, радыяцыйная, ваен., авіяцыйна-касм. і інш. Цесна звязана з фармакалогіяй, паталаг. фізіялогіяй, эксперым. тэрапіяй. Метады даследавання: хім., біяхім., гістахім., цытахім. і інш.
Як навука ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. Заснавальнік Т. ў Расіі Я.В.Пелікан. На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца з 1940-х г. у мед., вет., с.-г. ВНУ, Бел. н.-д. сан.-гігіенічным ін-це. Вывучаны таксікалагічныя ўласцівасці фосфарна-арганічных злучэнняў, распрацаваны сродкі эксперым. тэрапіі, рэкамендацыі па бяспецы, даследаваны таксічныя ўласцівасці новых палімераў, дэзінфектантаў і інш. хім. рэчываў, якія выкарыстоўваюць у прам-сці і сельскай гаспадарцы.
т. 15, с. 394
ТАКСІКАМА́НІЯ (ад грэч. toxikon яд + манія),
цяга да пастаяннага прыёму таксічных рэчываў. Да Т. адносіцца алкагалізм, паталаг. станы, выкліканыя ўдыханнем лятучых таксічных рэчываў (напр., сінт. кляёў, фарбаў і інш.). Суправаджаецца развіццём хранічнай інтаксікацыі. Выклікае кароткачасовую эйфарыю, прыводзіць да псіхічных і саматычных парушэнняў (расстройствы дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак і інш.), сац. дэградацыі асобы.
т. 15, с. 394
ТАКСІКО́З (ад грэч. toxikon яд),
паталагічны стан, які развіваецца ў выніку паступлення таксічных рэчываў у арганізм звонку (экзатаксікоз) ці ўтварэння ў ім таксінаў пры захворваннях (эндатаксікоз). Экзатаксікоз атаясамліваецца з атручэннем, эндатаксікоз — з аўтаінтаксікацыяй (напр., пры таксікозе цяжарнасці — ірвота, слінацячэнне, дэрматозы і інш.). Адрозніваюць вострыя і хранічныя Т. Вылучаюць формы: нейратаксікоз (першаснае пашкоджанне нерв. сістэмы) і Т. з эксікозам (абязводжваннем). Пры цяжкім Т. (напр., кішэчным) адбываюцца генералізаваныя расстройствы мікрацыркуляцыі, гіпаксія, ацыдоз і інш. Лячэнне: абясшкоджванне і выдаленне таксінаў і інш.
Т.М.Семяненя.
т. 15, с. 394
ТАКСІКО́ЗЫ ЦЯЖА́РНАСЦІ,
паталагічныя станы, што ўзнікаюць пры цяжарнасці і ўскладняюць яе цячэнне. Адрозніваюць Т.ц. раннія і познія. Раннія адзначаюцца ў першыя 12 тыдняў цяжарнасці (дрэннае самаадчуванне, моташнасць, ірвота, зрэдку слінацячэнне). Познія Т.ц. бываюць пасля 28 тыдняў цяжарнасці з выражанымі сасудзістымі парушэннямі — ацёкі (вадзянка цяжарных), гіпертанія, расстройствы функцыі нырак (нефрапатыя) і інш. Лячэнне комплекснае.
т. 15, с. 395
ТАКСІ́НЫ (ад грэч. toxikon яд),
атрутныя рэчывы бялковага паходжання. Утвараюцца мікраарганізмамі, раслінамі і жывёламі. Валодаюць антыгеннымі ўласцівасцямі. Найб. вядомыя мікробныя Т., сярод якіх адрозніваюць экза- і эндатаксіны. Экзатаксіны (простыя бялкі) утвараюцца грамстаноўчымі патагеннымі бактэрыямі і выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе ў час іх росту, таксама некат. грамадмоўнымі бактэрыямі. Некат. з іх выклікаюць слупняк, батулізм, дыфтэрыю і інш. захворванні. Эндатаксіны (складаныя бялкі — комплексы ліпаполіцукрыдаў з бялкамі) знаходзяцца ў вонкавых слаях клетачных сценак патагенных грамадмоўных бактэрый. Іх Т. выдзяляюць узбуджальнікі брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. Т. ёсць у ядах змей, пчол, некат. павукоў і скарпіёнаў. Т. расл. паходжання (фітатаксіны) — рыцын (з насення клешчавіны) і абрын (з абрусу). Кожны Т. дзейнічае на пэўную тканку (напр., Т. батулізму на нерв. клетку). З Т. атрымліваюць неатрутныя анатаксіны, якія стымулююць імунітэт, вырабляюць антыбіётыкі.
т. 15, с. 395
ТА́КСІСЫ (ад грэч. taxis размяшчэнне),
найпрасцейшыя рухальныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Уласцівы арганізмам, якія свабодна перамяшчаюцца (бактэрыі, некат. грыбы і водарасці, жывёлы), некат. асобным рухомым клеткам і арганоідам (гаметы і споры са жгуцікамі, лейкацыты, хларапласты).
Крыніцы раздражнення — святло (фотатаксіс), т-ра (тэрматаксіс), эл. ток (гальванатаксіс), вільгаць (гідратаксіс), хім. рэчывы (хематаксіс). Рух накіраваны да крыніцы стымуляцыі (дадатны Т.), або ад яе (адмоўны Т.). Адрозніваюць ненакіраваныя змены курсу руху (фобатаксісы), уласцівыя бактэрыям, зааспорам некат. фікаміцэтаў, і накіраваныя перамяшчэнні да крыніцы раздражнення (топатаксісы), характэрныя для сперматазоідаў імхоў, папарацей. Жгуцікавым водарасцям уласцівы абодва тыпы Т. У жывёл Т. наз. толькі накіраваныя рухі да стымулу перамяшчэння (ненакіраваныя рухі наз. кінезамі), напр., міграцыі, арыентацыя па сонцы ў жывёл і інш. Т. адрозніваюцца ад трапізмаў. Гл. таксама Рух у біялогіі, Рэфлексы.
т. 15, с. 395