ТАКСІ́НЫ (ад грэч. toxikon яд),

атрутныя рэчывы бялковага паходжання. Утвараюцца мікраарганізмамі, раслінамі і жывёламі. Валодаюць антыгеннымі ўласцівасцямі. Найб. вядомыя мікробныя Т., сярод якіх адрозніваюць экза- і эндатаксіны. Экзатаксіны (простыя бялкі) утвараюцца грамстаноўчымі патагеннымі бактэрыямі і выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе ў час іх росту, таксама некат. грамадмоўнымі бактэрыямі. Некат. з іх выклікаюць слупняк, батулізм, дыфтэрыю і інш. захворванні. Эндатаксіны (складаныя бялкі — комплексы ліпаполіцукрыдаў з бялкамі) знаходзяцца ў вонкавых слаях клетачных сценак патагенных грамадмоўных бактэрый. Іх Т. выдзяляюць узбуджальнікі брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. Т. ёсць у ядах змей, пчол, некат. павукоў і скарпіёнаў. Т. расл. паходжання (фітатаксіны) — рыцын (з насення клешчавіны) і абрын (з абрусу). Кожны Т. дзейнічае на пэўную тканку (напр., Т. батулізму на нерв. клетку). З Т. атрымліваюць неатрутныя анатаксіны, якія стымулююць імунітэт, вырабляюць антыбіётыкі.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)