ТА́КСІСЫ (ад грэч. taxis размяшчэнне),
найпрасцейшыя рухальныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Уласцівы арганізмам, якія свабодна перамяшчаюцца (бактэрыі, некат. грыбы і водарасці, жывёлы), некат. асобным рухомым клеткам і арганоідам (гаметы і споры са жгуцікамі, лейкацыты, хларапласты).
Крыніцы раздражнення — святло (фотатаксіс), т-ра (тэрматаксіс), эл. ток (гальванатаксіс), вільгаць (гідратаксіс), хім. рэчывы (хематаксіс). Рух накіраваны да крыніцы стымуляцыі (дадатны Т.), або ад яе (адмоўны Т.). Адрозніваюць ненакіраваныя змены курсу руху (фобатаксісы), уласцівыя бактэрыям, зааспорам некат. фікаміцэтаў, і накіраваныя перамяшчэнні да крыніцы раздражнення (топатаксісы), характэрныя для сперматазоідаў імхоў, папарацей. Жгуцікавым водарасцям уласцівы абодва тыпы Т. У жывёл Т. наз. толькі накіраваныя рухі да стымулу перамяшчэння (ненакіраваныя рухі наз. кінезамі), напр., міграцыі, арыентацыя па сонцы ў жывёл і інш. Т. адрозніваюцца ад трапізмаў. Гл. таксама Рух у біялогіі, Рэфлексы.
т. 15, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)