Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАКАМБА́ЕВА Айсулу Асанбекаўна (н. 22.9.1947, Бішкек),

кіргізская артыстка балета. Нар. арт. Кіргізіі (1976). Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1966). З 1966 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета імя А.​Малдыбаева. Яе выкананне вылучаецца дасканалай тэхнікай класічнага танца, псіхалагізмам, тэмпераментам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Чалпон і Адай («Чалпон» М.​Раўхвергера), Каханне і Жыццё («Несмяротнасць» Ч.​Нурымава), Шырын і Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Талганай («Мацярынскае поле» К.​Малдабасанава), Асель («Асель» У.​Уласава), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фларына, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Аксаніда («Праметай» Э.​Арыстакесяна). Дзярж. прэмія СССР 1976.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 15, с. 391

ТАКАМБА́ЕЎ Аалы (7.11.1904, с. Чон-Кемін Кемінскага р-на Чуйскай вобл., Кіргізія — 19.6.1988),

кіргізскі пісьменнік. Нар. паэт Кіргізіі (1945). Акад. АН Кіргізіі (1954). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Сярэднеазіяцкі камуніст. ун-т (1927). Друкаваўся з 1924. Для ранняй творчасці Т. характэрны рэв. пафас: зб-кі вершаў «Пра Леніна» (1927), «Атака» (1932); аповесць «Днестр упадае ў глыбокае мора» (1939) і інш. У пасляваен. гады выступаў як майстар рэаліст. паэмы: «Сваімі вачыма» (1952), «Мелодыя камуза» (1960), зб-кі вершаў «Голас часу» (1966), «Мой падарунак» (1974). Аўтар гіст. рамана ў вершах «Перад світаннем» (1935—47). На бел. мову яго асобныя творы перакладалі Р.​Барадулін, В.​Іпатава, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула Сатылганава 1967.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Братэрства, 86. Мн., 1986;

Рус. пер. — Мастер. Стихи. М., 1982;

Надежда: Лирика и поэмы. Фрунзе 1983.

Літ.:

Уметалиев Ш. А.​Токомбаев. Фрунзе, 1964.

т. 15, с. 391

ТАКАНТЫ́НС (Tocantins),

рака на У Бразіліі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 770 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Мараньян і Алмас, якія пачынаюцца ў цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па ім, утварае парогі і вадаспады. Ніжняе цячэнне па Амазонскай нізіне. Упадае ў р. Пара (правы рукаў дэльты р. Амазонка). Буйны прыток — р. Арагуая (злева). Разводдзе з кастр. да сак.—красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 16,8 тыс. м³/с. Вадасх. Тукуруі. Суднаходная на 350 км ад вусця.

т. 15, с. 392

ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.

На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст. рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв. прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш. Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.

Літ.:

Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Такарнае рамяство. Такарны станок.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.

т. 15, с. 392

ТАКА́РНЫ СТАНО́К,

станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб. пашыраны тып металарэзных станкоў.

На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.

На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.

А.​І.​Качаргін.

Такарны станок: а — універсальны такарна-вінтарэзны (Германія): 1 — пярэдняя бабка; 2 — шпіндэль; 3 — супарт; 4 — люнет; 5 — задняя бабка; 6 — хадавы вінт; 7 — хадавы вал; 8 — станіна; б — шматмэтавы станок (Японія).

т. 15, с. 392

ТАКА́ТА (італьян. toccata ад toccare дакранацца),

віртуозная муз. п’еса для клавішнага інструмента (фп., арган) у хуткім тэмпе і з выразным рытмам, звычайна з перавагай ударнай акордавай тэхнікі. У 16—18 ст. — арганная і клавірная ўступная п’еса тыпу прэлюдыі (І.​С.​Бах), у 19—20 ст. — канцэртная фп. п’еса тыпу эцюда (Р.​Шуман, К.​Дэбюсі, М.​Равель, С.​Пракоф’еў).

т. 15, с. 393

ТАКАФЕРО́ЛЫ (ад грэч. tokos прыплод, патомства + phero нясу + лац. oleum алей),

вітамін E, група метыльных вытворных (α, β, γ, δ) таколу; адзін з тлушчарастваральных вітамінаў.

Т. — алеі светла-жоўтага колеру, нерастваральныя ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, Малекулярная маса α-Т. (найб. біялагічна актыўны) 430,7, tпл. 2,5—3,5 °C. Пашыраны ў прыродзе гал. чынам у зерні пшаніцы і рысу, алеях (сланечнікавым, кукурузным і. інш.), таксама ў салаце, шпінаце. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай. З’яўляюцца антыаксідантамі. Забяспечваюць стабільнасць клетачных і субклетачных мембран. эфектыўнасць тканкавага дыхання і інш. Недахоп Т. прыводзіць да бясплоддзя, мышачнай дыстрафіі, некрозу печані і інш. Патрэба чалавека 10—20 мг α-Т. у суткі.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 393

ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),

французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 15, с. 393

ТАКЕЛА́У (Tokelau),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. астравах у цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 10 км². Нас. 1,4 тыс. чал. (1998). Астравы заселены палінезійцамі. Адм. ц. на атоле Факаофа. Афіц. мова — англійская. Складаецца з 3 нізінных атолаў, што ўздымаюцца над узр. акіяна на 3—4 м. Паверхня складзена з абломкаў каралаў і каралавых пяскоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. За год выпадае каля 3000 мм ападкаў. У снеж.—сак. бываюць моцныя ўраганы. Астравы катастрафічна разбураюцца ад павышэння ўзроўню Сусв. акіяна. Натуральная расліннасць прадстаўлена панданусам, какосавымі пальмамі, хмызнякамі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Аснова эканомікі — натуральная і паўнатуральная сельская гаспадарка. Важнейшая с.-г. культура — какосавая пальма; копра — асн. прадмет экспарту. Вырошчваюць таксама тара, папайю, бананы. Свіна- і птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Транспарт марскі. Ёсць аэрадром і пасадачныя пляцоўкі. У сувязі з прыроднай і эканам. нестабільнасцю прынята праграма паступовага перасялення жыхароў у Новую Зеландыю. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад Новай Зеландыі, Аўстраліі, ААН. Турызм. Грашовая адзінка — новазеландскі долар і сувенірная манета Такелау.

А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс. н.э. Першы з а-воў Т. адкрыты ў 1765 англ. капітанам Дж.​Байранам. апошні — у 1835. З 1877 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—26 ч. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 1926 перададзены пад кіраванне Новай Зеландыі, фармальна замацаваны за ёй як «несамакіравальная тэрыторыя» ў 1948. У 1977 атрымалі самакіраванне.

т. 15, с. 393

ТАКІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

другая назва раўніны Канто.

т. 15, с. 393