ТАКЕЛА́У (Tokelau),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. астравах у цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 10 км². Нас. 1,4 тыс. чал. (1998). Астравы заселены палінезійцамі. Адм. ц. на атоле Факаофа. Афіц. мова — англійская. Складаецца з 3 нізінных атолаў, што ўздымаюцца над узр. акіяна на 3—4 м. Паверхня складзена з абломкаў каралаў і каралавых пяскоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. За год выпадае каля 3000 мм ападкаў. У снеж.—сак. бываюць моцныя ўраганы. Астравы катастрафічна разбураюцца ад павышэння ўзроўню Сусв. акіяна. Натуральная расліннасць прадстаўлена панданусам, какосавымі пальмамі, хмызнякамі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Аснова эканомікі — натуральная і паўнатуральная сельская гаспадарка. Важнейшая с.-г. культура — какосавая пальма; копра — асн. прадмет экспарту. Вырошчваюць таксама тара, папайю, бананы. Свіна- і птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Транспарт марскі. Ёсць аэрадром і пасадачныя пляцоўкі. У сувязі з прыроднай і эканам. нестабільнасцю прынята праграма паступовага перасялення жыхароў у Новую Зеландыю. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад Новай Зеландыі, Аўстраліі, ААН. Турызм. Грашовая адзінка — новазеландскі долар і сувенірная манета Такелау.

А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс. н.э. Першы з а-воў Т. адкрыты ў 1765 англ. капітанам Дж.​Байранам. апошні — у 1835. З 1877 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—26 ч. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 1926 перададзены пад кіраванне Новай Зеландыі, фармальна замацаваны за ёй як «несамакіравальная тэрыторыя» ў 1948. У 1977 атрымалі самакіраванне.

т. 15, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)