ТАКАМБА́ЕВА Айсулу Асанбекаўна (н. 22.9.1947, Бішкек),

кіргізская артыстка балета. Нар. арт. Кіргізіі (1976). Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1966). З 1966 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета імя А.​Малдыбаева. Яе выкананне вылучаецца дасканалай тэхнікай класічнага танца, псіхалагізмам, тэмпераментам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Чалпон і Адай («Чалпон» М.​Раўхвергера), Каханне і Жыццё («Несмяротнасць» Ч.​Нурымава), Шырын і Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Талганай («Мацярынскае поле» К.​Малдабасанава), Асель («Асель» У.​Уласава), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фларына, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Аксаніда («Праметай» Э.​Арыстакесяна). Дзярж. прэмія СССР 1976.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)