Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРЫ́ФЫ (ад франц. tarif),

сістэма ставак, па якіх спаганяецца плата за паслугі. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, Т. транспартныя, сувязі, страхавыя, камунальныя.

Т. транспартныя — стаўкі, па якіх аплачваюцца перавозкі грузаў, пасажыраў, багажу і пошты, а таксама пагрузачна-разгрузачныя работы, паслугі партоў, аэрапортаў і інш. Адрозніваюць Т. чыгуначнага, аўтамабільнага, марскога. рачнога, паветранага, трубаправоднага транспарту. Асн. фактары, якія ўлічваюцца пры фарміраванні і дыферэнцыяцыі трансп. Т.: адлегласць і від перавозкі (гарадская, міжгародняя, унутр., міжнар., кабатажная і інш.); від і памер грузу (дробны, павагонны, кантэйнерны і інш.); геагр. раён перавозкі. На ўсіх відах транспарту прадугледжваецца шырокі набор спец., ільготных, дамоўленых Т., якія накіраваны на актывізацыю попыту і дзейнічаюць у залежнасці ад рыначнай кан’юнктуры і стану трансп. галіны. Т. сувязі — цэны за паслугі, якія прадпрыемствы сувязі аказваюць спажыўцам. Асн. фактары дыферэнцыяцыі Т. — адлегласць, працягласць паслуг, час сутак, ступень тэрміновасці і інш. Формы спагнання плацяжу: пагадзінная, арэндная, абанементная платы або іх камбінацыі. Т. страхавыя — стаўкі страхавога ўзносу з адзінкі страхавой сумы або аб’екта страхавання. Прызначаецца для выплачвання страхавой кампенсацыі. Велічыня Т. вызначаецца ў дагаворы на страхаванне па дамоўленасці бакоў. Т. камунальныя — стаўкі за карыстанне электраэнергіяй, газам, вадой і інш. Дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад катэгорый спажыўцоў (насельніцтва, прам-сць і інш.), Т. за карыстанне шэрагам паслуг для насельніцтва ніжэйшыя, чым для ўстаноў.

т. 15, с. 447

ТАРЫ́ХАС ЭРЭ́РА (Torrijos Herrera) Амар (13.2.1929, г. Сант’яга, Панама — 1.8.1981),

ваенны і дзярж. дзеяч Панамы. Брыгадны ген. (1969). Служыў у Нац. гвардыі Панамы, з 1968 яе камандзір. У кастр. 1968 узначаліў ваен. пераварот і стаў фактычным кіраўніком Панамы. У 1972—79 кіраўнік панамскага ўрада і Вярх. лідэр панамскай рэвалюцыі. Дамогся ў 1977 ад адміністрацыі ЗША падпісання дагавора аб Панамскім канале, паводле якога канал паступова пераходзіў пад юрысдыкцыю Панамы. Загінуў у авіяц. катастрофе.

т. 15, с. 447

ТА́РЫЧ (сапр. Аляксееў) Юрый Віктаравіч

(14.1.1885, г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.2.1967),

бел. і расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; заснавальнік бел. кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1903—05). У 1905 за рэв. дзейнасць сасланы ў Табольскую губ. З 1907 акцёр правінцыяльных т-раў у Сібіры, з 1918 акцёр і рэжысёр маскоўскіх т-раў (у 1920—24 адзін з кіраўнікоў Курсанцкага т-ра ў Крамлі). З 1923 выступаў як сцэнарыст, з 1925 рэжысёр кіно. Паставіў у Расіі фільмы «Марока» (з Я.​Івановым-Барковым), «Першыя агні», «Банда бацькі Кныша» (усе 1925), «Крылы халопа» (1926), «Булат-Батыр» і «Капітанская дачка» (1928). У 1926 зняў першы бел. маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.​Чарота «Свінапас» — героіка-рамантычная стужка пра падзеі грамадз. вайны на Беларусі. У 1928—39 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», дзе паставіў фільмы: «Да заўтра» (1929), «Нянавісць» і «Вышыня 88,5» (абодва 1930), «Шлях карабля» (1935), «Адзінаццатае ліпеня» (1938). Творчасць Т. вызначаецца спалучэннем рэальных гіст. падзей з маст. вымыслам, рамантызму з псіхалагізмам, тонкім адчуваннем бел. прыроды. У час Вял. Айч. вайны зняў навелу «На кліч маці» для кіназборніка «Беларускія навелы» (1942, з У.​Корш-Сабліным). У 1943—45 маст. кіраўнік кінастудыі «Манголкіно», з 1945 на кінастудыях Масквы. У 1951—54 зняў дакумент. фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» («Народны паэт», 1952, і інш.), маст. кіраўнік кінафільма «Апавяданні пра юнацтва» (1961).

Літ.:

Красинский А.В. Юрий Тарич. Мн., 1971;

Власов М. Юрий Тарич // 20 режиссерских биографий. М., 1971;

Гісторыя кінамастацтва Беларусі: У 4 т. Т. 1. 1924—1959 гг. / А.​В.​Красінскі. Мн., 2001.

В.​Ф.​Нячай.

Ю.В.Тарыч.

т. 15, с. 447

ТАРЫЧЭ́ЛІ (Torricelli) Эванджэліста (15.10.1608, г. Фаэнца, Італія —25.10.1647),

італьянскі фізік і матэматык. Атрымаў матэм. адукацыю ў Рыме. З 1642 праф. фізікі і матэматыкі Фларэнційскага ун-та. Навук. працы па механіцы, пнеўматыцы і гідраўліцы. Вызначыў парабалічны характар траекторый руху цел, кінутых пад адвольным вуглом да гарызонту. Сфармуляваў закон выцякання вадкасці з адтуліны пасудзіны і вывеў формулу скорасці выцякання (гл. Тарычэлі формула). Адкрыў існаванне атмасфернага ціску і вакууму (Тарычэліева пустата), растлумачыў прычыны ўтварэння ветру. Вынайшаў ртутны барометр і спіртавы тэрмометр. Займаўся канструяваннем мікраскопаў і шліфоўкай лінзаў для тэлескопаў. У яго гонар названа адзінка ціску — тор.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 87—89, 97—102;

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.

А.​І.​Болсун.

Э.Тарычэлі.

т. 15, с. 448

ТАРЫЧЭ́ЛІ ФО́РМУЛА,

выраз, які набліжана вызначае скорасць выцякання вадкасці з адтуліны ў сценцы адкрытай пасудзіны. Мае выгляд: v = 2gh , дзе v — модуль скорасці выцякання вадкасці, h — адлегласць ад восі адтуліны да паверхні вадкасці, g — паскарэнне свабоднага падзення. Атрымана Э.Тарычэлі (1641).

У рэальных выпадках скорасць выцякання вадкасці залежыць ад формы і памеру адтуліны, вязкасці вадкасці і ад некаторых інш. параметраў. У гідраўліцы карыстаюцца формулай v = φ 2gh , дзе φ — каэфіцыент скорасці. Для малой круглай адтуліны і вялікіх Рэйнальдса лікаў φ = 0,94—0,99, значэнні φ для інш. выпадкаў вызначаюцца тэарэтычна і прыведзены ў спец. даведніках.

т. 15, с. 448

ТАРЭАДО́Р, тарэра (ісп. toreador, torero ад toro бык),

удзельнік бою быкоў на арэне. Маюць некалькі спецыялізацый: хуласы (капеадоры) цвеляць быка чырвонымі хусткамі; бандэрыльеры (пешыя байцы карыды, якія кідаюць у быка невялікія ўпрыгожаныя стужкамі коп’і — бандэрыльі); матадоры (эспада), узброеныя шпагай байцы, якія завяршаюць бой.

т. 15, с. 448

ТАРЭ́З (Thorez) Марыс (28.4.1900, г. Нуаель-Гадо, Францыя — 11.7.1964),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Да 1920 працаваў парабкам, шахцёрам. Камуніст 3 1920. Чл. ЦК (з 1924), Палітбюро ЦК (з 1925), ген. сакратар (1930—64), старшыня (1964) Франц. камуніст. партыі. Чл. Выканкома (1928—43) і Прэзідыума Выканкома (1935—43) Камуністычнага Інтэрнацыянала. З 1932 дэп. франц. парламента. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. Народнага фронту ў Францыі (1935—38). У 1940—44 жыў у СССР, адзін з арганізатараў руху Супраціўлення ў Францыі ў 2-ю сусв. вайну. Пасля вяртання на радзіму чл. Часовай кансультатыўнай асамблеі (1944—45), дэп. Устаноўчага сходу (1945—46), дэп. Нац. сходу (з ліст. 1946). У 1945—47 міністр без партфеля, віцэ-старшыня Савета міністраў Францыі. Працы па пытаннях рабочага і дэмакр. руху.

т. 15, с. 448

ТАРЭ́НТ, Тарант (лац. Tarentum, грэч. Taras),

старажытнагрэчаская калонія ў Італіі на беразе Тарэнцкага заліва (цяпер г. Таранта). Засн. каля 700 да н.э. дарыйцамі. Першапачаткова ў Т. кіравалі цары, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. тут усталявалася тыранія, з пач. 5 ст. да н.э. — рабаўладальніцкая дэмакратыя. Росквіту дасягнуў у 1-й пал. 4 ст. да н.э., быў буйным гандл.-рамесным цэнтрам. У вайне з Рымам 282—272 да н.э. пацярпеў паражэнне. У 2-ю Пунічную вайну быў на баку Ганібала. У 209 да н.э. зноў падпарадкаваны Рыму. Каля 125 да н.э. на тэр. Т. заснавана рым. калонія Нептунія.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 448

ТАРЭО́Н (Torreón),

горад на Пн Мексікі, на Мексіканскім нагор’і, на выш. 2134 м, штат Кааўіла. Засн. ў 1893. Каля 500 тыс. ж. (2001), утварае агламерацыю з гарадамі Гомес-Паласьё і Сьюдад-Лерда. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Звязаны прадукта- і газаправодамі з гарадамі Мантэрэй і Чыўаўа. Прам-сць: каляровая металургія, бавоўнаачышчальная, хім., цэм., харч., с.-г. машынабудаванне. Гандл. цэнтр аднаго з гал. раёнаў арашальнага земляробства ў краіне.

т. 15, с. 448