ТАРЫ́ФЫ (ад франц. tarif),
сістэма ставак, па якіх спаганяецца плата за паслугі. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, Т. транспартныя, сувязі, страхавыя, камунальныя.
Т. транспартныя — стаўкі, па якіх аплачваюцца перавозкі грузаў, пасажыраў, багажу і пошты, а таксама пагрузачна-разгрузачныя работы, паслугі партоў, аэрапортаў і інш. Адрозніваюць Т. чыгуначнага, аўтамабільнага, марскога. рачнога, паветранага, трубаправоднага транспарту. Асн. фактары, якія ўлічваюцца пры фарміраванні і дыферэнцыяцыі трансп. Т.: адлегласць і від перавозкі (гарадская, міжгародняя, унутр., міжнар., кабатажная і інш.); від і памер грузу (дробны, павагонны, кантэйнерны і інш.); геагр. раён перавозкі. На ўсіх відах транспарту прадугледжваецца шырокі набор спец., ільготных, дамоўленых Т., якія накіраваны на актывізацыю попыту і дзейнічаюць у залежнасці ад рыначнай кан’юнктуры і стану трансп. галіны. Т. сувязі — цэны за паслугі, якія прадпрыемствы сувязі аказваюць спажыўцам. Асн. фактары дыферэнцыяцыі Т. — адлегласць, працягласць паслуг, час сутак, ступень тэрміновасці і інш. Формы спагнання плацяжу: пагадзінная, арэндная, абанементная платы або іх камбінацыі. Т. страхавыя — стаўкі страхавога ўзносу з адзінкі страхавой сумы або аб’екта страхавання. Прызначаецца для выплачвання страхавой кампенсацыі. Велічыня Т. вызначаецца ў дагаворы на страхаванне па дамоўленасці бакоў. Т. камунальныя — стаўкі за карыстанне электраэнергіяй, газам, вадой і інш. Дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад катэгорый спажыўцоў (насельніцтва, прам-сць і інш.), Т. за карыстанне шэрагам паслуг для насельніцтва ніжэйшыя, чым для ўстаноў.
т. 15, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)