ТАРЫЧЭ́ЛІ (Torricelli) Эванджэліста (15.10.1608, г. Фаэнца, Італія —25.10.1647),
італьянскі фізік і матэматык. Атрымаў матэм. адукацыю ў Рыме. З 1642 праф. фізікі і матэматыкі Фларэнційскага ун-та. Навук. працы па механіцы, пнеўматыцы і гідраўліцы. Вызначыў парабалічны характар траекторый руху цел, кінутых пад адвольным вуглом да гарызонту. Сфармуляваў закон выцякання вадкасці з адтуліны пасудзіны і вывеў формулу скорасці выцякання (гл.Тарычэлі формула). Адкрыў існаванне атмасфернага ціску і вакууму (Тарычэліева пустата), растлумачыў прычыны ўтварэння ветру. Вынайшаў ртутны барометр і спіртавы тэрмометр. Займаўся канструяваннем мікраскопаў і шліфоўкай лінзаў для тэлескопаў. У яго гонар названа адзінка ціску — тор.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 87—89, 97—102;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.