Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сук, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Буйны бакавы адростак, які ідзе ад ствала дрэва.

Абсячы сухія сукі бярозы.

2. У дошцы, бервяне: астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала.

Бервяно з сукамі.

су́ка, -і, ДМ су́цы, мн. -і, сук, ж.

1. Самка сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых.

2. (груб.). Ужываецца як лаянкавае слова.

|| памянш. су́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

сукава́ты, -ая, -ае.

3 вялікай колькасцю сукоў.

Сукаватая дошка.

|| наз. сукава́тасць, -і, ж.

сука́ла, -а, мн. -ы, -аў, н.

Прылада для насуквання нітак на цэўкі.

|| прым. сука́льны, -ая, -ае.

су́каратка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Скручанае месца ніткі, вяроўкі.

Нітка пайшла ў сукараткі.

сука́ць, сучу́, су́чаш, су́ча; су́каны; незак., што.

1. Звіваць некалькі нітак у адну.

С. дратву.

2. чым. Перабіраць, матляць нагамі (пра малых дзяцей).

Хлопчык суча ножкамі.

|| зак. ссука́ць, ссучу́, ссу́чаш, ссу́ча; ссу́каны (да 1 знач.).

|| наз. сука́нне, -я, н.

|| прым. сука́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Сукальная машына.

сукве́цце, -я, мн. -і, -яў, н.

Верхняя частка сцябла з кветкамі, сабранымі ў выглядзе парасоніка, мяцёлкі і пад.

Простае с.

суке́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Жаночае суцэльнае адзенне, верхняя частка якога адпавядае кофце, а ніжняя — спадніцы.

Модная с.

сукнава́льны, -ая, -ае.

Які прызначаны служыць для валення сукнаў.

Сукнавальная машына.

сукнава́льня, -і, мн. -і, -яў, ж.

Майстэрня, дзе валяць сукны.