зара́, -ы́, мн. зо́ры і (з ліч. 2, 3, 4) зары́, зор, ж.
1. Яркая афарбоўка гарызонту перад усходам і пасля заходу сонца.
Вячэрняя з.
Ад зары да зары (увесь дзень або ўсю ноч). Ні свет ні з. (надта рана).
2. перан. Пачатак, зараджэнне чаго-н. радаснага.
На зары цывілізацыі.
З. свабоды.
3. Ранішні або вячэрні ваенны сігнал.
Іграць зару.
4. звычайна мн. Зорка.
Ужо ў небе зазіхацелі зоры.
|| прым. заравы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).
З. захад.
зарабі́ць, -раблю́, -ро́біш, -ро́біць; -ро́блены; зак., што.
1. Набыць работай, атрымаць за работу.
З. семсот рублёў.
З. права на адпачынак.
2. Атрымаць у выніку чаго-н. (разм., іран.).
З. па карку.
З. вымову.
3. Закласці, замураваць.
З. адтуліну.
◊
Зарабіць як Заблоцкі на мыле (разм., жарт.) — пагарэць на якой-н. справе.
|| незак. зарабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
зарабо́так, -тку, мн. -ткі, -ткаў, м.
1. Плата за работу.
Месячны з.
Вялікі з.
2. мн. Праца па найме, звычайна часовая, па-за месцам пастаяннага жыхарства.
Ездзіць у заработкі.
зарабо́тны, -ая, -ае.
У выразе: заработная плата — плата за работу.
за́рава, -а, н.
Водбліск пажару або заходу сонца на небе.
Багровае з.
зара́д, -а і -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.
1. -а. Выбуховае рэчыва, якое змяшчаецца ў пэўнай колькасці ў снарадзе, патроне.
2. -у. Колькасць электрычнасці ў якім-н. целе.
Дадатны з.
З. энергіі (перан.).
|| прым. зара́дны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Зарадная скрынка (павозка для снарадаў).
зарадзі́цца¹, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ро́дзіцца; зак.
Узяць пачатак, узнікнуць.
Зарадзілася задумка напісаць раман.
|| незак. зараджа́цца, -а́ецца.
зарадзі́цца², -дзі́цца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць зараджаным.
2. перан. Набыць некаторы запас энергіі, падбадзёрыць сябе чым-н.
З. бадзёрасцю.
|| незак. зараджа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
|| наз. зара́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 2 знач.).
зарадзі́ць¹, -раджу́, -ро́дзіш, -ро́дзіць; -ро́джаны; зак., што (разм.).
Выклікаць, парадзіць (якія-н. пачуцці, думкі).
З. надзею ў кім-н.
|| незак. зараджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
зарадзі́ць², -аджу́, -а́дзіш, -а́дзіць; -а́джаны; зак., што.
1. Уставіць зарад (у 1 знач.), патрон у што-н.
З. стрэльбу.
З. гармату.
2. Увесці электрычны зарад (у 2 знач.).
З. электрычную батарэю.
3. Падрыхтаваць да дзеяння, уставіўшы што-н., заправіўшы чым-н.
З. вогнетушыцель.
|| незак. зараджа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. зараджа́нне, -я, н. і зара́дка, -і, ДМ -дцы, ж.