сілкава́нне, -я, н.
1. гл. сілкаваць.
2. Тое, што забяспечвае нармальнае дзеянне, функцыянаванне чаго-н. (спец.).
С. для радыёпрыёмніка.
сілкава́цца, -ку́юся, -ку́ешся, -ку́ецца; -ку́йся; незак.
1. Есці.
З дарогі селі хлопцы с.
2. Атрымліваць адкуль-н. што-н. неабходнае для нармальнага дзеяння, функцыянавання (спец.).
Радыёпрыёмнік сілкуецца ад батарэек.
|| наз. сілкава́нне, -я, н.
сілкава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак.
1. каго. Падмацоўваць ежай, карміць.
С. клёцкамі.
2. што. Забяспечваць чым-н. неабходным для нармальнага дзеяння, функцыянавання (спец.).
С. акумулятар.
|| наз. сілкава́нне, -я, н.
сіло́, -а́, мн. сі́лы і (з ліч. 2, 3, 4) сілы́, сі́лаў, н.
1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін.
2. перан. Пастка.
Ставіць с. на каго-н.
|| прым. сіло́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).
сілуэ́т, -а, М -э́це, мн. -ы, -аў, м.
1. Аднаколернае плоскаснае адлюстраванне прадмета на фоне іншага колеру.
Намаляваць сілуэты сялян.
2. Абрысы чаго-н., што віднеецца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад.
Здалёку віднеліся сілуэты варожых танкаў.
3. Знешні контур якога-н. збудавання, прадмета і інш.
Модны с. адзення.
|| прым. сілуэ́тны, -ая, -ае.
сімбіёз, -у, м. (спец.).
Форма сумеснага жыцця арганізмаў розных відаў, якая прыносіць ім узаемную карысць.
С. грыба і водарасці.
|| прым. сімбіяты́чны, -ая, -ае.
сі́мвал, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Тое, што служыць умоўным знакам якога-н. паняцця, з’явы, ідэі; мастацкі вобраз, які перадае якую-н. думку, перажыванне.
Жалейка — с. беларускай паэзіі.
Голуб — с. міру.
2. Прынятае ў навуцы ўмоўнае абазначэнне якой-н. адзінкі, велічыні.
Сімвалы хімічных элементаў.
○
Сімвал веры — кароткі выклад асноўных догматаў хрысціянскай рэлігіі.
|| прым. сімвалі́чны, -ая, -ае і сі́мвальны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).
Сімвалічнае адлюстраванне.
Сімвальная інфармацыя.
сімвалізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; зак. і незак., што (кніжн.).
З’явіцца (з’яўляцца) сімвалам (у 1 знач.) чаго-н.
Хор у спектаклі сімвалізуе адзінства народа.
|| наз. сімваліза́цыя, -і, ж.
сімвалі́зм, -у, м.
Кірунак у літаратуры і мастацтве канца 19 — пачатку 20 ст., які адлюстроўваў рэчаіснасць як ідэальную сутнасць свету ва ўмоўных і абстрактных формах.
|| прым. сімвалі́чны, -ая, -ае.