Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ва́фельны, -ая, -ае.

1. гл. вафля.

2. Падобны на вафлю сваім малюнкам (пра баваўняную тканіну).

В. абрус.

ва́фля, -і, мн. -і, ва́фель і -яў, ж.

Сухое пячэнне з клятчастым адбіткам на паверхні.

|| прым. ва́фельны, -ая, -ае і ва́флевы, -ая, -ае.

вахла́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (пагард., разм.).

Нерастаропны, прастакаваты, а таксама неахайны з выгляду чалавек.

Не вахлакі ж тут сядзяць.

|| прым. вахла́цкі, -ая, -ае.

ва́хмістр, -а, мн. -ы, -аў, м.

У царскай арміі: званне фельдфебеля ў кавалерыі, а таксама асоба, якая мае гэта званне.

|| прым. ва́хмістрскі, -ая, -ае.

ва́хта, -ы, ДМ -хце, мн. -ы, вахт і -аў, ж.

1. У флоце: неадлучнае дзяжурства, а таксама змена, якая нясе такое дзяжурства.

Заступіць на вахту.

Несці вахту.

Начная в.

2. Месца, дзе знаходзіцца дзяжурны, вахцёр; памяшканне для вахцёраў (разм.).

Ключы на вахце.

3. перан., чаго або якая. Самаадданая, поўная энтузіязму праца ў азнаменаванне чаго-н. (высок.).

Працоўная в.

|| прым. ва́хтавы, -ая, -ае.

В. журнал.

Вахтавая служба.

вахцёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

Дзяжурны стораж на прадпрыемстве, ва ўстанове.

|| ж. вахцёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак (разм.).

|| прым. вахцёрскі, -ая, -ае.

ваці́н, -у, м.

Рэдкая трыкатажная тканіна з густым начосам, якая падшываецца пад падкладку для ўцяплення вопраткі.

|| прым. ваці́навы, -ая, -ае.

вачні́ца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Паглыбленне ў пярэдняй частцы чэрапа, у якім змяшчаецца вочны яблык.

|| прым. вачні́чны, -ая, -ае.

ваш, -ага, м., ва́ша, -ай, ж., ва́ша, -ага, н., мн. ва́шы, -ых; займ. прынал.

Які належыць вам, мае адносіны да вас.

Ваш веласіпед.

А вашага (наз.) няма? Як вашы (наз.: вашы родныя, блізкія) пажываюць? Што вы прысталі да мяне з вашым Уладзімірам Андрэевічам.

Па-вашаму

1) прысл. Па вашай волі, па вашым жаданні.

Няхай будзе па-вашаму;

2) прысл. Так, як робіце вы.

Я па-вашаму тут рабіць не збіраюся;

3) пабочн. сл. На вашу думку.

Гэта я, па-вашаму, хлушу?

вашчы́на, -ы, ж.

Пустыя пчаліныя соты або неачышчаны воск.

|| прым. вашчы́нны, -ая, -ае.