ва́га, -і, ДМ ва́зе, мн. -і, -аў, ж.
Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.
вага́, -і́, ДМ вазе́, мн. ва́гі і (з ліч. 2, 3, 4) вагі́, ва́гаў, ж.
1. толькі адз. Цяжар каго-, чаго-н., які вызначаецца ўзважваннем.
Вызначыць вагу тавару.
Вагой у дваццаць кілаграмаў.
Меры вагі.
Барэц цяжкай вагі.
2. толькі адз., перан. Уплыў, аўтарытэт, значэнне.
Мець вагу ў калектыве.
3. Прылада для ўзважвання чаго-н.
Аўтаматычныя вагі.
◊
На вагу золата — вельмі дорага.
|| прым. вагавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).
Вагавыя катэгорыі барцоў.
В. збор.
вагане́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.
Невялікі адкрыты вагон для перавозкі грузаў па вузкакалейных або падвесных дарогах.
вага́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м. (разм.).
Рычаг для рэгулявання чаго-н. або кіравання чым-н.
вагаўшчы́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.
Той, хто займаецца ўзважваннем чаго-н.
Чыгуначны в.
|| ж. вагаўшчы́ца, -ы, мн. -ы, -чы́ц.
|| прым. вагаўшчы́цкі, -ая, -ае.
вага́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз.
Маятнік вагаецца.
2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць, сумнявацца.
В. ў ацэнцы рамана.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Быць няўстойлівым, хісткім, мяняцца.
Тэмпература паветра вагаецца ад 13 да 18°.
|| зак. павага́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
|| наз. вага́нне, -я, мн. -і, -яў, н.; прым. вага́льны, -ая, -ае (у 1 знач.).
Вагальны рух.
вага́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак., што.
Мерна разгойдваць што-н. зверху ўніз або з боку ў бок.
В. рычаг.
|| зак. павага́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны.
ваго́н, -а, мн. -ы, -аў, м.
Транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых дарогах.
Таварны в.
Пасажырскі в.
Трамвайны в.
В.-ляднік.
В.-рэстаран.
В. дроў (колькасць, якая змяшчаецца ў ім).
|| памянш. ваго́нчык, -а, мн. -і, -аў, м.
|| прым. ваго́нны, -ая, -ае.
вагра́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.
Шахтавая печ для плаўкі чыгуну, а таксама для апалу руд каляровых металаў.
|| прым. вагра́начны, -ая, -ае і вагра́нкавы, -ая, -ае.