Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вана́дый, -ю, м.

Хімічны элемент, тугаплаўкі метал светла-шэрага колеру.

|| прым. вана́дыевы, -ая, -ае.

ванда́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

Разбуральнік культуры, варвар [па назве старажытнагерманскага племені].

вандалі́зм, -у, м.

Няшчаднае разбурэнне, знішчэнне гістарычных помнікаў і культурных каштоўнасцей; варварства.

|| прым. вандалі́сцкі, -ая, -ае.

вандрава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; незак.

1. Падарожнічаць, рабіць падарожжа.

2. Часта мяняць месца жыхарства, весці неаседлы спосаб жыцця.

3. перан. Пераходзіць з месца на месца.

Што вы вандруеце па шпіталі?

|| наз. вандрава́нне, -я, н.

вандро́ўнік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Чалавек, які вандруе, падарожнічае.

2. Той, хто часта мяняе месца жыхарства, вядзе неаседлы спосаб жыцця; качэўнік.

|| ж. вандро́ўніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. вандро́ўніцкі, -ая, -ае.

вандро́ўніцтва, -а, н.

1. Падарожжа.

В. ў далёкія краіны.

2. Пастаянныя пераходы, пераезды з месца на месца.

вандро́ўны, -ая, -ае.

1. Які не мае аселасці, вандруе з месца на месца.

Вандроўныя плямёны.

2. Уласцівы вандроўніку, звязаны з вандраваннем.

Вандроўнае жыццё.

3. Які часта пераходзіць, пераязджае з месца на месца або які працуе не на пастаянным месцы; перасоўны.

В. тэатр.

ванілі́н, -у, м.

Пахучае арганічнае рэчыва, якое знаходзіцца ў стручках ванілі або атрымана штучным спосабам.

|| прым. ванілі́навы, -ая, -ае.

вані́ль, -і, ж.

Трапічная расліна з доўгімі тонкімі пладамі, а таксама плады гэтай расліны, якія ўжыв. ў кулінарыі і парфумерыі.

|| прым. вані́льны, -ая, -ае.

ванітава́ць, -ту́е; безас., незак. (разм.).

Пра стан моташнасці, рвоты.

Мяне ванітавала.

Ванітуе ад яго слоў (перан.).

|| наз. ванітава́нне, -я, н.