Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова ∙ Скарачэнні

залата... (гл. золата...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўжыв. замест «золата...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напр.: залатагрывы, залатаструнны.

залатаве́рхі, -ая, -ае.

У народнай паэзіі: з пазалочаным верхам, купалам.

З. палац.

залатано́сны, -ая, -ае.

Які мае ў сваім саставе золата (пра радовішча).

З. пясок.

|| наз. залатано́снасць, -і, ж.

зала́таць гл. латаць.

залаташве́йны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да шыцця золатам (у 3 знач.).

Залаташвейная майстэрня.

залатні́к¹, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Старая мера масы, роўная 1/96 фунта або 4,26 грама.

Малы з., ды дарагі.

залатні́к², -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (спец.).

Механізм для аўтаматычнага кіравання патокам пары, вадкасці або газу ў цеплавых, гідраўлічных і пнеўматычных механізмах.

|| прым. залатніко́вы, -ая, -ае.

залато́ўка, -і, ДМ -ўцы, мн. -і, -то́вак, ж. (уст.).

Манета ў пятнаццаць капеек.

залату́ха, -і, ДМ -ту́се, ж.

Дзіцячая хвароба, якая суправаджаецца агульным знясіленнем, высыпкай на целе і пад.

|| прым. залату́шны, -ая, -ае.

Залатушнае дзіця.

залаты́, -а́я, -о́е.

1. гл. золата.

2. у знач. наз. залаты́, -о́га, мн. -ы́я, -ы́х, м. Манета з золата, чырвонец.

3. Колеру золата, бліскуча-жоўты.

Залатыя валасы.

Залатая восень.

4. перан. Шчаслівы, радасны.

З. час.

З. век.

5. перан. Цудоўны, выдатны.

З. чалавек.

Залатыя рукі (умелыя).

6. перан. Дарагі, любімы.

Залатыя мае дзеткі.

○

Залатое сячэнне (спец.) — гарманічная прапорцыя, у якой адна частка адносіцца да другой, як усё цэлае да першай часткі.

◊

Залатая моладзь — пра моладзь з забяспечаных слаёў грамадства, якая вядзе марнатраўнае жыццё.

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеяння, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі, смелых рашэнняў.

Залатое вяселле (разм.) — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.