Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

за́хад, -у, М -дзе, м.

1. Адзін з чатырох бакоў свету і напрамак, процілеглы ўсходу; частка гарызонту, дзе заходзіць сонца.

2. Мясцовасць, размешчаная ў гэтым напрамку, а таксама («З» вялікае) краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі.

Мастацтва Захаду.

|| прым. захо́дні, -яя, -яе.

захаджа́лы, -ая, -ае (разм.).

Прышлы з чужых мясцін, які зайшоў мімаходам.

Захаджалыя людзі.

захадзі́ць, -хаджу́, -хо́дзіш, -хо́дзіць; зак.

Пачаць хадзіць.

Нервова захадзіў па пакоі.

за́хады, -аў.

Меры, дзеянні, накіраваныя на дасягненне пэўнай мэты.

Рабіць або прымаць з.

захалу́сце, -я, н. (разм.).

Глухое, аддаленае ад цэнтра месца.

Жыць у захалусці.

|| прым. захалу́сны, -ая, -ае.

захапі́цца, -хаплю́ся, -хо́пішся, -хо́піцца; зак.

1. кім-чым. Цалкам аддацца якой-н. справе, занятку.

З. зборам значкоў.

З. любімай работай.

2. кім. Закахацца ў каго-н.

З. дзяўчынай.

|| незак. захапля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.

захапі́ць, -хаплю́, -хо́піш, -хо́піць; -хо́плены; зак.

1. каго-што. Хапаючы, узяць, забраць, схапіць.

З. жменю зерня.

2. каго-што. Сілай авалодаць кім-, чым-н.

З. чужую тэрыторыю.

З. у палон.

З. ініцыятыву (перан.).

3. каго-што і чаго. Узяць з сабой.

З. плашч.

З. з сабой яды.

4. перан., каго (што). Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой-н. справе.

Новая ідэя захапіла яго.

5. перан., каго (што). Завалодаць увагай, зачараваць.

З. гледачоў ігрой.

6. каго (што). Раптоўна застаць.

З. каго-н. дома.

Навальніца захапіла нас у полі.

7. каго-што. Панесці з сабой, захапіўшы, падхапіўшы.

Цячэнне захапіла лодку.

|| незак. захо́пліваць, -аю, -аеш, -ае і захапля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 4 і 5 знач.).

|| наз. захо́п, -у, м. (да 2 знач.).

захапле́нне, -я, н.

1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне.

Быць у захапленні ад канцэрта.

Прыйсці ў з. ад чаго-н.

2. Усхваляванасць, запал, натхненне.

Гаварыць з захапленнем.

3. кім-чым. Павышаны інтарэс да чаго-н.

З. тэатрам.

З. футболам.

4. кім. Улюбёнасць у каго-н.

Гэта было з., а не каханне.

захапля́льны, -ая, -ае.

Які выклікае захапленне, цікавасць.

З. раман.

захапля́ючы, -ая, -ае.

Тое, што і захапляльны.