акрылі́цца, акрылю́ся, акры́лішся, акры́ліцца; зак., чым (высок.).
Тое, што і натхніцца.
А. надзеяй.
|| незак. акрыля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.
|| наз. акрыле́нне, -я, н.
акрылі́ць, акрылю́, акры́ліш, акры́ліць; акры́лены; зак., каго-што (высок.).
Тое, што і натхніць.
|| незак. акрыля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| наз. акрыле́нне, -я, н.
акры́цца, -ы́юся, -ы́ешся, -ы́ецца; зак.
1. Накрыцца, ахінуцца чым-н.
А. пледам.
2. перан. Пакрыцца, агарнуцца.
Вішня цветам акрылася.
Смуткам акрыліся вочы.
|| незак. акрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
акры́ць, -ы́ю, -ы́еш, -ы́е; -ы́ты; зак., каго-што.
1. Накрыць, ахінуць.
А. плечы цёплай коўдрай.
2. перан. Пакрыць, агарнуць.
Жыта маладое поле ўсё акрыла.
Шэры туман акрыў лугавіну.
|| незак. акрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
акрыя́лы, -ая, -ае.
1. Які паправіўся, ажыў, паздаравеў.
2. перан. Бадзёры, з прыўзнятым настроем, духам.
акрыя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; зак.
1. Прыйсці ў ранейшы нармальны стан пасля хваробы, якога-н. бедства і пад., ачуняць, набрацца сіл.
А. на волі.
2. перан. Ажыць душой.
акрэдытава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак., каго-што (спец.).
Назначыць, накіраваць каго-н. прадстаўніком пры замежным урадзе, пасольстве, у міжнароднай арганізацыі, прэс-цэнтры.
А. у якасці пасла.
Акрэдытаваныя журналісты.
|| наз. акрэдытава́нне, -я, н. і акрэдыта́цыя, -і, ж.
акрэдыты́ў, -ты́ва, мн. -ты́вы, -ты́ваў, м. (спец.).
Грашовы дакумент, у якім змяшчаецца распараджэнне адной крэдытнай установы другой аб выплаце каму-н. пэўнай сумы грошай.
|| прым. акрэдыты́ўны, -ая, -ае.
акрэ́слены, -ая, -ае.
Які трывала ўсталяваўся; ясны, выразны.
А. план дзеянняў.
|| наз. акрэ́сленасць, -і, ж.
акрэ́сліцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ліцца; зак.
1. Стаць бачным, выдзеліцца.
У тумане акрэсліўся будынак.
2. Набыць ясны, выразны характар.
Выразна акрэсліліся погляды пісьменніка.
|| незак. акрэ́слівацца, -аецца.