Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэрага́цыя

(лац. derogatio)

частковая адмена старога закона.

дэратыза́цыя

(фр. dératisation, ад лац. de = з, ад + фр. rat = пацук)

знішчэнне шкодных грызуноў (мышэй, пацукоў і інш.), якія псуюць пасевы, харчовыя прадукты, тару, пераносяць узбуджальнікаў інфекцыйных хвароб чалавека і жывёл, хімічнымі, біялагічнымі і механічнымі метадамі.

дэ́раш

(польск. deresz, ад венг. deres)

конь шэрай масці з прымессю іншага колеру.

дэ́рбі

(англ. derby, ад Е. Derby = прозвішча англ. лорда)

спаборніцтвы для трохгадовых скакавых і чатырохгадовых рысістых коней; упершыню праведзены ў Англіі ў 1778 г. лордам Дэрбі.

дэ́рвіш

(кр.-тат. därviš, ад перс. därviš = жабрак)

мусульманскі манах, які вядзе аскетычны спосаб жыцця.

дэ́рма

(гр. derma = скура)

злучальна-тканкавая частка скуры ў пазваночных жывёл і ў чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам.

-дэрма

(гр. derma = скура)

другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццямі «скура», «абалонка», «плеўка».

дэрмаге́ніз

(н.-лац. dermogenys)

рыба атрада сарганападобных, якая водзіцца ў вадаёмах Інданезіі, Паўд. Індыі, Малакскага паўвострава; на Беларусі гадуецца як акварыумная.

дэрмаграфі́зм

(ад дэрма + гр. grapho = пішу)

змена афарбоўкі скуры чалавека пры яе механічным раздражненні.

дэрмата-

(гр. derma, -atos = скура)

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «які адносіцца да скуры, да скурных хвароб».