Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аква-

(лац. aqua = вада)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «водны».

аквада́г

(ад аква- + англ. dag = графітавы пыл)

сумесь графіту з вадою, якая выкарыстоўваецца для пакрыцця ўнутранай паверхні электравакуумных прыбораў.

аквакульту́ра

(ад аква- + культура)

развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў).

аквала́нг

(англ. aqualung, ад лац. aqua = вада + англ. lung = лёгкае)

апарат для дыхання чалавека пад вадой.

аквалангі́ст

(ад акваланг)

плывец, які карыстаецца аквалангам.

аквамабі́ль

(ад аква- + лац. mobilis = рухомы)

невялікая адкрытага тыпу падводная лодка з запасам паветра, прызначаная для перавозкі вадалазаў.

аквамары́н

(лац. aqua marina = марская вада)

мінерал, разнавіднасць берылу, каштоўны празрысты камень сінявата-зялёнага або блакітнага колеру.

акваме́трыя

(ад аква- + -метрыя)

метады вызначэння колькасці вады ў розных рэчывах.

аквана́ўт

(ад аква- + -наўт)

даследчык мора, які ў спецыяльным гідракасцюме або ў падводным апараце працуе на глыбінях, недаступных вадалазу.

аквана́ўтыка

(ад аква- + -наўтыка)

навука, якая вывучае магчымасці доўгага знаходжання чалавека ў моры пад вадой.