Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэві́з

(фр. devise)

1) кароткая фраза, у якой выражаецца кіруючая ідэя паводзін або дзейнасці;

2) слова або выраз, якія аўтар ставіць на творы замест свайго імя на закрытым конкурсе.

дэві́зы

(фр. devises)

плацежныя сродкі (вэксалі, чэкі, акрэдытывы і інш.), выражаныя ў замежнай валюце для міжнародных разлікаў.

дэвія́цыя

(лац. deviatio = адхіленне)

1) адхіленне стрэлкі компаса ад лініі магнітнага мерыдыяна пад уздзеяннем вялікіх мас жалеза;

2) адхіленне ад патрэбнага напрамку руху самалёта, судна, артылерыйскага снарада і інш. пад уплывам якіх-н. прычын;

3) біял. разнавіднасць філэмбрыягенезу, пры якой змена ў развіцці органа адбываецца на сярэдніх стадыях яго фарміравання і прыводзіць да змен яго будовы ў дарослым арганізме (параўн. анабалія, архалаксіс).

дэво́н

(англ. Devon = назва англійскага графства)

чацвёрты па парадку перыяд палеазойскай эры ў гісторыі Зямлі, які пачаўся 410 млн. гадоў назад і цягнуўся каля 60 млн. гадоў.

дэво́нскі

(ад дэвон);

д. перыяд — тое, што і дэвон.

дэгажэ́

(фр. dégagé)

від атакі пры фехтаванні, у час якой рапіра або шпага таго, хто атакуе, адводзіцца ад зброі праціўніка, каб зрабіць укол па найкарацейшай лініі.

дэгаза́тар

(ад дэ- + газ)

1) апарат для дэгазацыі;

2) рэчыва, якое абясшкоджвае газ;

3) той, хто робіць дэгазацыю.

дэгаза́цыя

(ад дэ- + газ)

1) абясшкоджванне мясцовасці, рэчаў, заражаных атрутнымі рэчывамі;

2) тое, што і дэаэрацыя.

дэгельмінтыза́цыя

(ад дэ- + гельмінты)

комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў па вызваленню ад глістоў чалавека, жывёл, навакольнага асяроддзя, раздзел дэвастацыі.

дэгенера́т

(лац. degeneratus)

чалавек з адзнакамі біялагічнага і псіхічнага выраджэння.