Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акры́л

(ад лац. acer = востры)

бясколерная празрыстая маса, з якой вырабляюць шкло для акуляраў.

акры́лавы

(ад акрыл);

а-ая кіслата — арганічнае злучэнне аліфатычнага рада, бясколерная вадкасць, якая выкарыстоўваецца для сінтэзу штучных смол, як кампанент друкарскіх фарбаў, лакаў і інш.

акрыламі́д

(ад акрыл + амід)

арганічнае злучэнне, амід акрылавай кіслаты, цвёрды бясколерны крышталічны прадукт, які выкарыстоўваецца для сінтэзу супалімераў.

акрыланітры́л

(ад акрыл + нітрыл)

арганічнае злучэнне, нітрыл акрылавай кіслаты, бясколерная вадкасць з характэрным пахам, якая выкарыстоўваецца для вырабу пластмас і сінтэтычнага каўчуку.

акрыла́ты

(ад акрыл)

арганічныя злучэнні, солі і эфіры акрылавай кіслаты.

акрыта́рхі

(ад гр. akritos = няясны + arche = паходжанне)

група выкапнёвых аднаклетачных марскіх водарасцей або іх цыстаў незразумелага паходжання акруглай, эліпсападобнай, шматвугольнай формы з гладкай або зярністай кропкавай паверхняй, часам з вырастамі, вядомая ад пратэразою.

акрыхі́н

(ад лац. асег, acris = востры + хінін)

фарм. сінтэтычны супрацьмалярыйны прэпарат.

акрыцы́д

(ад лац. acer, acris = востры + -цыд)

лекавы прэпарат для барацьбы з мікробамі, антысептык.

акрэдытава́ць

(фр. accréditer, ад лац. accredere = давяраць)

1) прызначыць каго-н. дыпламатычным прадстаўніком пры ўрадзе іншай дзяржавы або пастаянным прадстаўніком дзяржавы пры міжнароднай арганізацыі;

2) даручыць каму-н. атрымаць грошы або весці гандлёвыя аперацыі.

акрэдыта́цыя

(фр. accréditation, ад лац. accredere = давяраць)

афіцыйнае прызначэнне дыпламатычнага прадстаўніка пры ўрадзе іншай дзяржавы або пастаяннага прадстаўніка дзяржавы пры міжнароднай арганізацыі.