МА́РБУРГСКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.​Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.​Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-ГРОЎ-ХІЛ КО́МПАНІ ІНКАРПАРЭ́ЙТЭД (Mc Graw-Hill Company Incorporated),

адно з буйнейшых выдавецтваў ЗША. Засн. ў 1809 у Нью-Йорку. Выдае навукова-тэхн. л-ру — энцыклапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, кнігі па прыродазнаўчых, дакладных, грамадска-паліт. навуках, медыцыне, тэхніцы, а таксама па пытаннях арганізацыі і кіравання вытворчасцю. Найб. значныя выданні — «Штогоднік навукі і тэхнікі» (т. 1—9, 1982—90), «Энцыклапедыя навукі і тэхнікі» (т. 1—15, 7-е выд. 1992). Выпускае магнітафонныя і відэакасеты, кампакт-дыскі. Мае фірмы ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Еўропе, Азіі, Аўстраліі. З 1980-х г. дзейнічае ў складзе амер. медыя-канцэрна «Мак-Гроў-Хіл».

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЕ ПРАВАЗНА́ЎСТВА,

1) метад вывучэння прававых сістэм розных дзяржаў шляхам супастаўлення аднайменных дзярж. і прававых інстытутаў, сістэм права, іх асн. прынцыпаў і г.д. 2) П.п., кампаратывістыка — адна з галін юрыд. навукі.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГМА (ад грэч. dogma меркаванне, рашэнне, вучэнне),

палажэнне, якое прымаецца на веру як бясспрэчная ісціна. Характэрная рыса Д. — сляпая вера ў аўтарытэты, абарона застарэлых, памылковых або недаказаных палажэнняў. У ант. л-ры тэрмін «Д.» абазначаў агульнавядомае палажэнне, якое з’яўлялася бясспрэчнай ісцінай; такую ж назву мелі некат. дзярж. ўказы і пастановы. У стараж.-грэч. філасофіі дагматыкамі называлі філосафаў, якія ў процілегласць скептыкам сцвярджалі што-небудзь станоўчае. Аснову любых рэлігій складаюць догматы рэлігійныя, што прымаюцца на веру і абавязковыя для ўсіх. У галіне навукі Д. набываюць нязменныя формы, застарэлыя палажэнні, якія прымаюцца без уліку гіст. умоў, абараняюцца кансерватыўна мыслячымі вучонымі. Дагматычнае мысленне перашкаджае развіццю навукі, скоўвае творчасць.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ГРАМА́ДСКАЯ СЛАВЯ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ навукі, адукацыі, мастацтваў і культуры (МГСА). Створана ў 1992 у Маскве па ініцыятыве прадстаўнікоў краін СНД. Прэзідэнт Б.​Іскакаў. Штаб-кватэра і кіруючыя органы МГСА у Маскве. Складаецца з 7 аддзяленняў прыродазнаўча-навук. і 13 гуманітарна-сац. профілю. Мае рэгіянальныя прадстаўніцтвы і бел. аддзяленне, якое ўтворана ў 1993 (перарэгістравана ў 2000). Яго членамі з’яўляюцца дзеячы навукі і культуры: мастакі, пісьменнікі, кампазітары, акцёры, балетмайстры, дырыжоры, кінарэжысёры. Прэзідэнт Бел. аддзялення МГСА акад. Нац. АН Беларусі В.​М.​Гурын. Асн. кірункі дзейнасці МГСА — вывучэнне міжслав. культ. сувязей, этнагенезу слав. народаў, арганізацыя і правядзенне сумесных навук. даследаванняў, канферэнцый і інш.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АГЛЯ́Д»,

навукова-гістарычны часопіс. Выходзіць з 1994 у Мінску на бел. мове 2 разы на год. Друкуюцца арыгінальныя і перакладныя артыкулы, дакументы, рэцэнзіі. Публікацыі прысвечаны ў асн. этнічнай гісторыі, метадалогіі гіст. навукі.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіцця мед. навукі.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЕ́ННІК ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Dziennik Wileński», «Віленскі дзённік»),

навукова-літаратурны часопіс. Выдаваўся штомесячна ў 1805—06 і 1815—30 у Вільні на польскай мове. Асвятляў пытанні навукі, л-ры, культуры (з 1822 і падзеі грамадска-паліт. жыцця), прапагандаваў новыя тэхналогіі ў прам-сці і сельскай гаспадарцы.

Друкаваў матэрыялы па гісторыі, філасофіі, правазнаўстве, прыродазнаўчых навуках, геаграфіі, мовазнаўстве, фальклоры і этнаграфіі, міфалогіі і гісторыі культуры, праблемах выхавання і асветы. Сярод публікацый даследаванні па гісторыі ВКЛ М.​Баброўскага. М.​Балінскага, І.​Даніловіча, І.​Лялевеля, Т.​Нарбута, маст. творы А.​Міцкевіча, Т.​Зана і інш. У 1826 рэарганізаваны, пачалі выходзіць спец. выпускі: «Гісторыя і літаратура», «Навука і мастацтва», «Мастацкая літаратура», «Прыкладныя навукі», «Навуковыя навіны». У 1831 забаронены.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА (лац. nomenclatura пералік, роспіс імёнаў),

1) пералік назваў, сістэма тэрмінаў, катэгорый, якія ўжываюцца ў якой-н. галіне навукі, тэхнікі і інш. (напр., наменклатура тавараў).

2) Кола, пералік службовых асоб, пасад, якія прызначаюцца (замяшчаюцца) або зацвярджаюцца вышэйстаячым органам.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)