МАГНІТНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ

Даследаванні магнітных матэрыялаў на Беларусі пачаліся ў пасляваенныя гады ў Фізіка-тэхнічным ін-це АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.​С.​Акулава. Даследаваліся магнітааптычныя і магнітастрыкцыйныя ўласцівасці ферамагнетыкаў, распрацоўваліся метады магнітнага структурнага аналізу і магнітнай дэфектаскапіі. З 1963 гэтыя даследаванні працягнуты ў Ін-це прыкладной фізікі (да 1980 Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю) АН Беларусі, дзе распрацаваны метады і апаратура неразбуральнага кантролю ферамагнітных матэрыялаў (М.​С.​Акулаў, М.​М.​Зацэпін, А.​А.​Лухвіч, У.​Ф.​Мацюк, М.​А.​Мяльгуй, У.​А.​Франюк і інш.). З 1957 сістэматычнае даследаванне ўласцівасцей магнітных матэрыялаў пачалося пад кіраўніцтвам М.​М.​Сіраты ў арганізаваным ім Ін-це (да 1963 Аддзел) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі.

Даследаваны працэсы сінтэзу, фізічныя і фізіка-хімічныя ўласцівасці магнітных матэрыялаў. Пабудаваны дыяграмы структурных, электрычных і дыэлектрычных характарыстык нікель-магнійцынкавых, магній-нікель-марганцавых і інш. падвойных і шматкампанентных сістэм ферытаў (Л.​А.​Башкіраў, В.​І.​Паўлаў, М.​М.​Сірата, М.​Ю.​Хачатран і інш.). Даследаваны структура і фізічныя ўласцівасці тонкіх ферамагнітных плёнак падвойных і патройных сплаваў жалеза, кобальту і нікелю, атрыманых тэрмічным выпарэннем і электралітычным асаджэннем (А.​В.​Балтушкін, Л.​Ф.​Ільюшэнка, С.​У.​Сухвала, Ж.​П.​Трафімава, М.​У.​Шэлег і інш.). Пабудаваны фазавыя дыяграмы магнітнага стану ўпершыню сінтэзаваных узаемных цвёрдых раствораў квазібінарных сістэм на аснове тэлурыдаў, селенідаў і сульфідаў марганцу, хрому, жалеза і нікелю; вывучаны ўласцівасці і пабудаваны Р-Т дыяграмы крышталічнага і магнітнага станаў арсеніду марганцу і цвёрдых раствораў на аснове арсенідаў і антыманідаў марганцу (Г.​А.​Говар, Г.​І.​Макавецкі, У.​М.​Рыжкоўскі, М.​М.​Сірата, Р.​М.​Шахлевіч, К.​І.​Янушкевіч і інш.). Выяўлены эфект гіганцкага магнітасупраціўлення ў шматслойных структурах Co-Cu, CoAg і інш. (В.​М.​Федасюк і інш.). У шэрагу аксідных паўправадніковых сістэм атрыманы саставы з вялікай велічынёй магнітарэзістыўнага эфекту (І.​А.​Траянчук, Дз.​Дз.​Халявін і інш.). Праведзены даследаванні ўплыву ізавалентных і рознавалентных замяшчэнняў у падрашотках ферытаў-гранатаў на характар пераарыентацыйных фазавых пераходаў, іх магнітныя, кінетычныя ўласцівасці і даменную структуру (С.​М.​Барыла, А.​П.​Гесь, В.​В.​Фядотава і інш.). Вывучаны механізм і кінетыка цвердафазных рэакцый у шэрагу цвёрдых раствораў ферамагнетыкаў са структурай шпінелі, гранату і гексаферытаў (У.​В.​Панькоў). З выкарыстаннем высокіх ціскаў атрыманы новыя магнітныя матэрыялы, даследаваны фазавыя пераходы ў іх у залежнасці ад ціску і тэмпературы (Г.​А.​Говар, Г.​І.​Макавецкі, У.​М.​Рыжкоўскі, І.​А.​Траянчук і інш.). Работы па сінтэзе магнітных матэрыялаў і даследаванні іх магнітных, электрычных і дыэлектрычных уласцівасцей вяліся таксама на арганізаваных М.​М.​Сіратой кафедрах фізікі цвёрдага цела БДУ і тэарэтычнай фізікі Бел. пед. ун-та (А.​К.​Богуш, Г.​Л.​Бычкоў, М.​І.​Данількевіч, А.​А.​Навіцкі, С.​М.​Пастушонак, В.​І.​Паўлаў і інш.). Даследаванні магнітных і электрычных уласцівасцей магнітных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў вядуцца ў Бел. тэхнал. ун-це (Л.​А.​Башкіраў і інш.). Ферытавыя вырабы для прамысловасці Беларусі і замежных спажыўцоў вырабляе прадпрыемства «Ферыт» пры Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (В.​М.​Шамбалёў, А.​К.​Богуш).

Літ.:

Маковецкий Г.И. Магнитные материалы и их применение // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;

Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 18, кн. 2, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)