ЯДЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Станаўленне ядзернай фізікі на Беларусі адбывалася ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН Беларусі М.А.Барысевіча, А.Н.Сеўчанкі і Ф.І.Фёдарава. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. нац. тэхн. ун-це і інш. Асн. кірункі фундаментальных даследаванняў — ядзерная спектраскапія і мадэлі атамных ядзер, ядзерныя рэакцыі пры нізкіх, сярэдніх і высокіх энергіях, ядзерна-фізічныя канстанты, ядзерная оптыка і квантавая пазітроніка, нейтронная фізіка і фізіка ядзерных рэактараў; у галіне прыкладных даследаванняў — доследныя і канструктарскія работы па стварэнні ядзерна-энергетычных установак з унікальнымі характарыстыкамі, дазіметрыя змяшаных η-γ-палёў, спектраметрыя α-, β- і γ-выпрамяненняў, распрацоўка і стварэнне шматкрышталёвых спектрометраў γ-γ-супадзенняў з вялікім рабочым аб’ёмам, нейтронна-актывацыйны аналіз, радыяцыйная фізіка паўправаднікоў і p-n-пераходаў, вывучэнне структурна-фазавых змен у цвёрдых целах пры іонна-прамянёвым легіраванні і іоннай імплантацыі і інш. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у 1986 стымулявала развіццё на Беларусі сучаснага ядзернага прыладабудавання, складанне карт радыяцыйнага забруджвання тэр. Беларусі 90Sr, 137Cr і ізатопамі трансуранавых элементаў, разлік радыяцыйных характарыстык паліва і аварыйных выкідаў ядзерна-энергетычных установак, развіццё радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыны і радыебіялогіі.
Літ.:
Чернобыльская катастрофа: Причины и последствия. Т. 3. Мн., 1992;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995;
Наполеау П.А.М., Рудак Э.А. Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК // Атомная энергия 1998. Т. 85, вып. 3.
Э.А.Рудак.
т. 18, кн. 2, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)