ТЭОРЫЯ АПРАКСІМАЦЫІ
Даследаванні па тэорыі апраксімацыі (тэорыі набліжэння функцый) на Беларусі вядуцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, Гомельскім, Гродзенскім, Бел. педагагічным ун-тах.
Паліномная тэорыя апраксімацыі развівалася пад уплывам дзейнасці А.Х.Турэцкага. Асн. вынікі атрыманы ў задачах падсумоўвання артаганальных шэрагаў, па тэорыі інтэрпаляцыі з роўнааддаленымі вузламі і вузламі Чабышова, па квадратурных формулах з найменшай велічынёй хібнасці і найвышэйшай велічынёй трыганаметрычнай дакладнасці (М.Б.Аксень, І.М.Бруй, М.Я.Казлоўскі, І.І.Корзун, А.К.Пакало, В.М.Русак, А.Х.Турэцкі, М.М.Уласавец, А.А.Чупрыгін). Першыя даследаванні па рацыянальнай тэорыі апраксімацыі выкананы В.М.Русаком у 1960-я г. ў БДУ. В.М.Русак і яго паслядоўнікі (Н.К.Агафонава, Л.Л.Бярозкіна, С.А.Лугоўскі, А.С.Лялікаў, В.І.Міцянкоў, В.А.Прохараў, А.А.Пякарскі, А.Я.Радына, Я.А.Роўба, І.В.Рыбачэнка, А.П.Старавойтаў, Дз.С.Шуляеў, М.А.Шэшка) здзейснілі шэраг даследаванняў па рацыянальнай тэорыі апраксімацыі, у т. л. знойдзены экстрэмальныя ацэнкі для вытворных рацыянальных функцый, распрацаваны спосабы пабудовы рацыянальных аператараў, якія ажыццяўляюць набліжэнне найлепшага парадку з пэўнымі полюсамі, вызначаны дакладныя парадкі рацыянальных апраксімацый са свабоднымі полюсамі для многіх важных функцый і класаў функцый. Даследаваны парадкі адхіленняў рацыянальных аператараў Падэ для элементарных і спецыяльных аналітычных функцый. Рацыянальныя апраксімацыйныя метады былі паспяхова выкарыстаны для набліжанага рашэння сінгулярных інтэгральных ураўненняў.
Літ.:
Корнейчук Н.П. Экстремальные задачи теории приближений. М., 1976;
Турецкий А.Х. Теория интерполирования в задачах. Ч. 1—2. Мн., 1968—77;
Русак В.Н. Рациональные функции как аппарат приближения. Мн., 1979;
Ровба Е.А. Интерполяция и ряды Фурье в рациональной аппроксимации. Гродно, 2001;
Русак В.Н. Наилучшие рациональные приближения и оценки уклонений специальных рациональных операторов // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 3.
В.М.Русак.
т. 18, кн. 2, с. 510