ГЕАГРАФІЯ РАСЛІН
Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін на Беларусі вядомы з часоў ВКЛ і дзейнасці прафесараў Віленскага універсітэта Ж.Э.Жылібера, С.Б.Юндзіла і Ю.Юндзіла (канец 18 — пач. 19 ст.). Пазней выйшлі фларыстычныя працы В.Г.Бесэра, Э.Ліндэмана, К.Чалоўскага, Р.Траўтфетэра і інш. Значныя даследаванні правёў І.К.Пачоскі; яго манаграфія «Аб раслінных фармацыях і паходжанні флоры Палесся» (1900) і «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей» (1901) далі новы імпульс развіццю геаграфіі раслін на Беларусі. Першае фітагеаграфічнае апісанне бел. флоры зрабіла В.С.Палянская ў манаграфіі «Склад флоры Беларусі і геаграфічнае пашырэнне паасобных раслінных відаў» (1931).
З сярэдзіны 20 ст. асноўныя кірункі даследаванняў — вывучэнне гісторыі і сучасных фітагеаграфічных сувязей флоры Беларусі з флорамі сумежных рэгіёнаў, аналіз уздзеяння антрапагенных фактараў на працэсы флорагенезу і фітацэнагенезу, распрацоўка тэарэт. пытанняў фітахаралогіі, навук. асноў аховы канкрэтных фларыстычных комплексаў. Даследаванні вядуцца з выкарыстаннем комплексных эколага-геагр. і бія- і хемасістэматычных метадаў. Пытанні геаграфіі раслін, асабліва актыўна з 1960-х г., распрацоўваюцца ў Ін-це эксперыментальнай батанікі Нац. АН Беларусі. Вывучаюцца геагр. пашырэнне відаў раслін, іх арэалы, жыццёвыя формы, геагр. элементы флоры; устаноўлены міграцыйныя шляхі асобных відаў і фларыстычных комплексаў (Г.У.Вынаеў, Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, Г.Ф.Рыкоўскі, Дз.І.Траццякоў і інш.). Распрацавана кліматагеннарывалітатная тэорыя фітацэнахаралогіі (В.С.Гельтман); выяўлены занальныя асаблівасці расліннага покрыва і тэр. размяшчэння прыродных раслінных супольніцтваў Беларусі (В.С.Гельтман, Дз.С.Голад, І.М.Сцепановіч, І.Д.Юркевіч і інш.). У інстытутах геалагічных навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі, у Бел. геолага-разведачным НДІ даследуюцца: выкапнёвая флора і гісторыя яе развіцця, спорава-пылковы палеакарпалагічны аналіз геалагічных адкладаў, стратыграфія тарфяных пакладаў. Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін каардынуюць вучоны савет Нац. АН Беларусі па праблеме «Заканамернасці фарміравання, дынаміка і ахова расліннага свету» і секцыя «Геалогія чацвярцічнага перыяду і геамарфалогія» пры Нац. АН Беларусі (гісторыя расліннасці ў антрапагене).
Літ.:
Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;
Гельтман В.С. Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время. Мн., 1981;
Агаханянц О.Е. Ботаническая география СССР. Мн., 1986.
І.М.Сцепановіч.
т. 18, кн. 2, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)