БАТАНІКА

Станаўленне батанікі на Беларусі адбывалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя даследаванні мелі пераважна апісальны характар. У складзе экспедыцыі, арганізаванай Пецярбургскай АН у 1773 (кіраўнік І.​І.​Ляпёхін), працаваў М.​Азерацкоўскі, які сабраў у наваколлі Віцебска гербарый больш за 400 відаў раслін. У 1775 І.​Э.​Жылібер заклаў у г. Гродна батанічны сад, значную частку якога складалі віды мясц. флоры. Ля вытокаў батанікі як навукі стаялі бел. вучоныя В.​Г.​Бесэр, Ж.​Э.​Жылібер, К.​Ф.​Ледэбур, В.​М.​Севяргін, С.​Б.​Юндзіл. У сярэдзіне 19 ст. апублікаваны працы А.​А.​Антонава, Н.​В.​Доўнара, Э.​Ліндэмана, Р.​Пабо, В.​В.​Пашкевіча, К.​Чалоўскага, у якіх прыведзены спісы раслін Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Флору і расліннасць Палесся вывучалі У.​С.​Дактуроўскі, Г.​К.​Крэер, Г.​І.​Танфільеў. У 1897—1901 Ю.​К.​Пачоскі апублікаваў манаграфію «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей».

У 1836 у г. Горкі Магілёўскай губ. засн. першая на Беларусі земляробчая школа, на базе якой у 1848 утвораны земляробчае вучылішча і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Супрацоўнікі гэтых устаноў зрабілі значны ўклад у развіццё с.-г. раслінаводства. Р.​Э.​Траўтфетэр (дырэктар ін-та ў 1860—63) сабраў гербарый мясц. раслін, М.​В.​Рытаў вёў даследаванні па генетыцы і селекцыі, М.​М.​Гайдукоў займаўся фізіялогіяй раслін. У 1910 у Мінску створана балотная станцыя (у 1931 пераўтворана ва Усесаюзны балотны ін-т). У 1920-я г. арганізаваны шэраг доследных станцый, у педагагічных ін-тах створаны кафедры батанікі. Кафедра батанікі дзейнічала і ў Ін-це беларускай культуры (у 1929 рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі). У 1931 на базе кафедраў батанікі, заалогіі, фізіялогіі і эксперыментальнай біялогіі створаны Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. У 1932 у Мінску засн. Батанічны сад. У 1947 у АН Беларусі адноўлены Ін-т біялогіі. Навук. кірункі, што распрацоўваліся ў ім, сталі базай для ўтварэння самастойных навук. устаноў, для якіх расліны і раслінны свет з’яўляюцца адзінай прыроднай асновай для навукова-доследнай дзейнасці: Цэнтр. батанічны сад, лабараторыя біяфізікі і ізатопаў (у 1973 рэарганізавана ў Ін-т фотабіялогіі), аддзел генетыкі і цыталогіі (у 1965 пераўтвораны ў ін-т). Мянялася і ўдакладнялася назва ін-та: з 1947 — Ін-т біялогіі, з 1963 — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, з 1966 — Ін-т эксперыментальнай батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча (з 1972) АН Беларусі. У 1972 у склад ін-та ўключаны аддзел фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін. Гербарый ін-та (каля 300 тыс. узораў) унесены ў дзярж. рэестр навук. аб’ектаў, якія з’яўляюцца нац. здабыткам краіны. Асн. навук. кірункі: біялагічныя асновы ўзнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету Беларусі; фізіёлага-біяхімічныя асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін; радыеэкалогія раслін. Уклад у развіццё батанікі зрабілі А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык, В.​С.​Гельтман, Ц.​М.​Годнеў, Дз.​С.​Голад, М.​А.​Дарожкін, Н.​В.​Казлоўская, Г.​А.​Кім, В.​Ф.​Купрэвіч, М.​А.​Ламан, М.​Дз.​Несцяровіч, В.​І.​Парфёнаў, У.​М.​Рашэтнікаў, М.​У.​Смольскі, М.​П.​Тамін, В.​М.​Цярэнцьеў, І.​Д.​Юркевіч і інш.

Даследаванні па батаніцы вядуцца таксама ў Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БСГА, БДУ, Гомельскім Тэхналагічным і Педагагічным ун-тах, Бярэзінскім біясферным запаведніку, Нац. парках «Белавежская пушча», «Прыпяцкі» і «Браслаўскія азёры». Працу навукова-даследчых устаноў батанічнага профілю каардынуе аддзяленне біялагічных навук Нац. АН Беларусі. Навук. праца вядзецца ў канкрэтнай прыроднай зоне з выкарыстаннем аб’ектаў мясц. флоры, расліннасці і с.-г. культур, што вырошчваюцца ў краіне. Вынікі даследаванняў разам з агульнатэарэтычнай значнасцю забяспечваюць рашэнне практычных задач сельскай і лясной гаспадаркі, аховы прыроды і здароўя людзей.

Літ.:

Краткая история ботаники. М., 1968;

Жуковский П.М. Ботаника. М., 1982;

Определитель высших растений Беларуси. Мн., 1999;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Р.​Ю.​Блажэвіч, В.​І.​Парфёнаў.

т. 18, кн. 2, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)