АЛГЕБРА

Сістэматычныя даследаванні па алгебры на Беларусі пачаты ў 1945 Дз.​А.​Супруненкам. Яны былі звязаны з тэорыяй лінейных груп і груп падстановак, тэорыяй тапалагічных груп і паўгруп, тэорыяй канечных груп, тэорыяй кольцаў і тэорыяй прадстаўленняў груп. Асн. цэнтры даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскі і Віцебскі ун-ты.

У межах даследаванняў па лінейных групах і групах падстановак пабудавана тэорыя вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над алгебраічна замкнёным полем, класіфікаваны максімальныя прымітыўныя вырашальныя групы падстановак некаторых прымарных ступеняў, атрыманы шэраг важных вынікаў аб перыядычных лінейных групах і камутатыўных матрычных алгебрах (Дз.​А.​Супруненка). Значныя вынікі ў гэтых галінах атрыманы таксама вучнямі Дз.​А.​Супруненкі (Р.​Т.​Вальвачоў, У.​С.​Конюх, Р.​І.​Тышкевіч і інш.); завершана пабудова тэорыі вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над адвольным полем (У.​С.​Конюх); даследаваны агульныя ўласцівасці груп падстановак і іх сувязі з групамі аўтамарфізмаў розных аб’ектаў (Р.​І.​Тышкевіч). Развіты метад апраксімацыі лінейных груп, у прыватнасці, атрымана рашэнне праблемы Мальцава пра лінейныя групы канечнага рангу, даказана нільпатэнтнасць падгрупы Фратыні канечна спароджанай лінейнай групы (У.​П.​Платонаў).

Даследаванні па лакальна праектыўна нільпатэнтных групах, а потым па лакальна кампактных групах з нармалізатарнымі ўмовамі праводзіліся ў пач. 1960-х г. (У.​П.​Платонаў). Сістэматычна даследаваны праканечныя групы (А.​У.​Мельнікаў). Вырашана задача Гратэндыка пра праканечныя папаўненні (У.​П.​Платонаў, А.​І.​Таўгень). Атрыманы шэраг цікавых вынікаў у даследаваннях паўгруп (А.​А.​Бейда, В.​У.​Дземянчук, Л.​Б.​Шнеперман, У.​М.​Шыраеў і інш.). Канечныя групы — асноўны аб’ект даследаванняў С.​А.​Чуніхіна і яго вучняў; найб. важныя дасягненні — даследаванні π-вырашальных груп, увод паняцця π-аддзяляльнай групы, развіццё метаду індэксіялаў. Знойдзена рашэнне задачы Віланда пра расшчапленне пашырэнняў канечных груп (Л.​А.​Шамяткоў) і частковае рашэнне праблемы Бёрнсайда пра існаванне нармальных падгруп у біпрымарных групах (У.​С.​Манахаў). З 1970-х г. пад кіраўніцтвам Л.​А.​Шамяткова развіваецца тэорыя фармацый канечных груп (М.​Ц.​Вараб’ёў, А.​Ф.​Васільеў, С.​Ф.​Каморнікаў, А.​М.​Скіба і інш.).

У тэорыі кольцаў Дз.​А.​Супруненкам і яго вучнямі даследаваліся максімальныя нільпатэнтныя матрычныя алгебры. Даказана гіпотэза Капланскага пра ідэмпатэнты групавых кольцаў (А.​Я.​Залескі), даследаваліся алгебры Лі (А.​А.​Баранаў, А.​А.​Прэмет). Развіта тэорыя гензелевых цел, якая ў значнай ступені завяршыла класічныя даследаванні па лакальных і нарміраваных целах (У.​П.​Платонаў, В.​І.​Янчэўскі). У межах даследаванняў груп Уайтхеда, алгебраічных груп і кангруэнц-праблемы даследавалася мультыплікатыўная структура канечнамерных цел (У.​П.​Платонаў, А.​С.​Рапінчук, В.​І.​Янчэўскі). Апісаны цэнтральныя простыя алгебры над палямі роду нуль з малым локусам галінавання (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі), вылічаны лік Піфагора палёў функцый спецыяльных крывых над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (А.​А.​Ліпніцкі, С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі разам з Я. ван Геелам). Развіты прыведзеная (У.​П.​Платонаў), прыведзеная унітарная (В.​І.​Янчэўскі) і прыведзеная спінарная (А.​П.​Манастырны, В.​І.​Янчэўскі) K-тэорыі.

Даследаванні па тэорыі прадстаўленняў груп Шэвале і блізкіх да іх груп пачаты ў 1980-я г. (А.​Я.​Залескі, А.​С.​Кляшчоў, А.​А.​Прэмет, І.​Дз.​Супруненка). Прапанаваны новы тэарэтыка-прадстаўленчы падыход да даследавання групавых алгебраў лакальна канечных груп, атрыманы шэраг класіфікацыйных вынікаў пра лінейныя групы з зададзенымі ўласцівасцямі (А.​Я.​Залескі), даследуюцца кагамалагічныя ўласцівасці груп Шэвале (У.​П.​Бурычэнка), распрацоўваюцца метады распазнавання прадстаўленняў і лінейных груп на аснове аналізу ўласцівасцей уніпатэнтных элементаў у мадулярных прадстаўленнях алгебраічных груп (І.​Дз.​Супруненка).

Літ.:

Супруненко Д.А. Группы матриц. М., 1972;

Шеметков Л.А., Скиба А.Н. Формации алгебраических систем. М., 1989;

Zalesskii A.E. Linear groups // Encyclopedia of Mathematical Scielices Algebra IV. 1994. Vol. 37;

Platonov V.P., Yanchevskii VI. Finite-dimentional skew fields in A.I.Kostrikin and I.R.Shafarevich // Там жа. Algebra IX. 1995. Vol. 77;

Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fields // Communications in Algebra. 2001. Vol 29, №9;

Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;

Suprunenko I.D. On lordan blocks of elements of order p in irreducible representations of classical groups with p-large highest weights // Journ of algebra. 1997. Vol. 191, №2;

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.

В.​І.​Янчэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)