НЕЛІНЕЙНАЯ ОПТЫКА
Пачатак даследаванням у галіне нелінейнай оптыкі на Беларусі далі працы Б.І.Сцяпанава і В.П.Грыбкоўскага па разліку нелінейных эфектаў у паглынанні і вылучэнні святла, якія былі выкананы яшчэ да стварэння лазераў і адыгралі важную ролю ў развіцці даследаванняў лазернай генерацыі святла.
З 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, а потым у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, ін-тах электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі, Міжнар. лазерным цэнтры сістэматычна вядуцца даследаванні ўласцівасцей і механізмаў утварэння нелінейных аптычных з’яў, распрацоўка метадаў і ўстройстваў для нелінейна-аптычнага пераўтварэння частаты і інш. параметраў лазернага выпрамянення і вывучэння характарыстык розных асяроддзяў. У выніку прадказаны і рэалізаваны схемы эфектыўнай генерацыі гармонік, складання і аднімання частот у крышталях (Б.В.Бокуць, М.С.Казак, А.Р.Хаткевіч), вымушанага камбінацыйнага рассеяння (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.С.Грабчыкаў); на гэтай аснове распрацаваны і створаны эфектыўныя нелінейна-аптычныя пераўтваральнікі частаты лазернага выпрамянення ў інфрачырвоным, бачным і ультрафіялетавым дыяпазонах. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту пры чатырохфатонных узаемадзеяннях (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў). Развіты фіз. асновы дынамічнай галаграфіі і прапанаваны новыя галаграфічныя метады кіравання прасторава-часавай структурай лазернага выпрамянення (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.Л.Тоўсцік). Устаноўлены заканамернасці распаўсюджвання светлавых патокаў у анізатропных хваляводах, на межах з узмацняльнымі і аптычна нелінейнымі асяроддзямі, у бістабільных, інтэгральных і інш. нелінейна-аптычных сістэмах (Б.Б.Бойка, А.М.Ганчарэнка, Ф.У.Карпушка, М.С.Пятроў, Г.У.Сініцын). Вывучаны асаблівасці нелінейна-аптычнага пераўтварэння лазерных пучкоў беселевага тыпу (У.М.Белы, А.С.Грабчыкаў, М.С.Казак, М.А.Хіло), дзеянне магутнага лазернага выпрамянення на спектральныя і палярызацыйныя характарыстыкі паглынання, вылучэння і рассеяння святла атамамі і малекуламі (П.А.Апанасевіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, А.П.Нізоўцаў, А.М.Рубінаў). Развіты арыгінальныя падыходы ў тэорыі светлавых палёў і квантавых флуктуацый, эксперыментальна даследаваны макраскапічныя праяўленні квантавых шумаў у вымушаным камбінацыйным рассеянні (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.С.Грабчыкаў, С.Я.Кілін). Устаноўлены шэраг заканамернасцей у генерацыі і распаўсюджванні салітонаў, прадказаны новыя рэжымы распаўсюджвання светлых і цёмных салітонаў па аптычных хваляводах, выяўлены новыя тыпы салітонных хваль (А.А.Афанасьеў, А.М.Ганчарэнка, А.С.Грабчыкаў, Я.У.Доктараў, Р.А.Уласаў). Распрацаваны высокаадчувальныя метады нелінейнай лазернай спектраскапіі, створаны унікальныя лазерныя спектрометры: нана-, піка- і фемтасекундныя, кагерэнтнага чатыроххвалевага змяшэння, унутрырэзанатарныя; пры дапамозе іх даследаваны многія фотафіз. і фотахім. рэакцыі ў разнастайных асяроддзях (В.А.Арловіч, М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, Б.А.Бушук, А.П.Вайтовіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, В.П.Козіч, А.М.Рубінаў, У.С.Чырвоны). За работы па нелінейнай оптыцы Б.В.Бокуць удастоены Дзярж. прэміі СССР 1984, цыкл работ В.А.Арловіча, А.А.Афанасьева, У.М.Белага, М.С.Казака, У.А.Конанава, Т.Ш.Эфендыева адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 2000.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
В.А.Арловіч.
т. 18, кн. 2, с. 519