РАДЫЁФІЗІКА І ЭЛЕКТРОНІКА
На Беларусі гэтыя навукі развіваюцца з часу адкрыцця ў 1922 у БДУ фіз.-матэм. аддзялення. Выкананы работы ў галіне ўзмацнення і дэтэктыравання эл.-магн. ваганняў дэцыметровага дыяпазону (І.Р.Некрашэвіч, Я.Е.Сіроцін, Я.В.Сняткоў). Праведзены даследаванні па актуальных праблемах статыст. радыёфізікі, квантавай радыёфізікі, гідраакустыкі, вакуумнай і цвердацельнай электронікі (Л.В.Валадзько, У.В.Ізох, А.Н.Сеўчанка). Распрацаваны галаграфічныя метады ў радыё- і інфрачырв. дыяпазонах хваль (П.Дз.Кухарчык). Створаны сістэмы маніторынгу атмасферы і касм. аб’ектаў (М.І.Дзямчук, І.А.Малевіч). Развіты матэм. метады рашэння задач дыфракцыі на некалькіх целах (Я.А.Іваноў), метады тэарэм складання і тэорыя ўсярэдненых гранічных умоў у краявых задачах электрадынамікі (В.Ц.Ерафеенка), метады разліку калейдаскапічных структур (А.С.Рудніцкі).
У НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ распрацаваны метады і апаратура вылучэння і пераўтварэння інфармацыі ў хуткацякучым фіз. эксперыменце (У.У.Апанасовіч, П.Дз.Кухарчык, А.Ф.Чарняўскі), метады высокадакладнай дыстанцыйнай дыягностыкі стану прыродных і штучных аб’ектаў (Б.І.Бяляеў, Л.І.Кісялеўскі). Вядуцца работы па стварэнні звышмагутных чаранкоўскіх генератараў сантыметровага дыяпазону (В.К.Ганчароў, А.Ф.Чарняўскі).
У НДІ ядзерных праблем БДУ створаны новы тып шырокадыяпазонных лазераў на свабодных электронах з аб’ёмнай размеркаванай зваротнай сувяззю (У.Р.Барышэўскі, К.Г.Батракоў, І.Д.Феранчук), развіта строгая тэорыя электрадынамічных сістэм са стратамі (Р.Я.Сляпян), створаны асновы нелінейнай электрадынамікі кіральных карбонавых нанатрубак (С.А.Максіменка, Р.Я.Сляпян).
У Інстытуце электронікі Нацыянальнай АН Беларусі праведзены фундаментальныя даследаванні фотарэфрактыўных і вадкіх крышталёў для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч); распрацаваны метады і сродкі для высокаскарасной апрацоўкі вял. масіваў інфармацыі з выкарыстаннем шматканальных фотаэл. пераўтваральнікаў (А.К.Есман, У.А.Піліповіч), фотапрыёмнікі для валаконна-аптычных ліній сувязі ў дыяпазоне даўжынь хваль 1300—1550 нм з хуткадзеяннем 2 ГГц (Ю.С.Емяльяненка, С.А.Малышаў), вымяральны тэрмапераўтваральнік (А.М.Гавядзінаў, І.Л.Грыгарышын).
У Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай АН Беларусі выкананы даследаванні ў галіне фізікі тонкіх плёнак з мэтай выкарыстання іх у вырабах мікраэлектронікі (Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка).
У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэорыя і метады канструявання ЗВЧ устройстваў на палоскавых хваляводах (С.І.Кавалёў), цвердацельных генератараў і памнажальнікаў (В.У.Мураўёў, В.Я.Савельеў), вакуумных генератараў ЗВЧ са знешняй дадатковай зваротнай сувяззю (М.І.Мінаеў). Развіта рэлятывісцкая нелінейная самаўзгодненая тэорыя ўзбуджэння адвольна-нерэгулярных электрадынамічных сістэм магутнымі электроннымі патокамі, праведзена аптымізацыя магутных электронных прылад ЗВЧ, а таксама прадказаны і даследаваны шэраг эфектаў і механізм выпрамянення рэлятывісцкіх электронных патокаў, якія даюць магчымасць стварыць новыя тыпы прылад з унікальнымі характарыстыкамі (А.А.Кураеў). Распрацаваны прынцыпы пабудовы ўзмацняльных устройстваў з вял. дынамічным дыяпазонам (Б.М.Багдановіч). Даследавана нелінейнае дынамічнае пераўтварэнне выпадковых працэсаў; на гэтай аснове распрацавана тэорыя прыёму сігналаў на фоне перашкод з выкарыстаннем нелінейнай фільтрацыі (В.А.Чардынцаў). Прапанаваны і абгрунтаваны прынцыпы пабудовы разнесеных радыёлакацыйных сістэм (В.Я.Авяр’янаў). Распрацаваны строгія метады рашэння задач дыфракцыі ў некаардынатных абласцях (А.В.Машынскі), высокаэфектыўныя нізкатэмпературныя тэхнал. працэсы мікраэлектронікі (А.П.Дастанка); новыя функцыянальныя элементы радыёфіз. устройстваў на аб’ёмных і паверхневых акустычных хвалях (В.М.Дашанкоў, М.М.Чыркін); валаконна-аптычныя сістэмы сувязі з характарыстыкамі, лепшымі, чым у замежных аналагаў (Я.В.Алішаў).
Літ.:
Высокочастотные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996;
Демчук М.И., Иванов М.А. Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981;
Пилипович В.А., Есман А.К., Поседько В.С. Многоэлементные фотоприемники в преобразователях перемещений. Мн., 1991;
Пилипович В.А., Есман А.К., Визнер А.А. Фотоэлектрические преобразователи в системах оптической обработки информации. Мн., 1990;
Богданович Б.М. Радиоприемные устройства с большим динамическим диапазоном. М., 1984;
Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;
Ковалев И.С. Теория и расчет полосковых волноводов. Мн., 1967;
Яго ж. Основы теории и расчета устройств СВЧ. Мн., 1972;
Минаев М.И. Генераторы СВЧ с внешней дополнительной обратной связью. Мн., 1984;
Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986;
Аксенчик А.В., Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ с дискретным взаимодействием. Мн., 2003;
Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Аполлонский С.М., Ерофеенко В.Т. Эквивалентные граничные условия в электродинамике. СПб., 1999;
Ильинский А.С., Слепян Г.Я. Колебания и волны в электродинамических системах с потерями. М., 1983.
А.А.Кураеў.
т. 18, кн. 2, с. 519