ДАСЛЕДАВАННЕ АПЕРАЦЫЙ

Тэарэтычныя распрацоўкі ў галіне даследавання аперацый на Беларусі сістэматычна вядуцца з канца 1950-х г., калі пад кіраўніцтвам Дз.​А.​Супруненкі ў АН Беларусі быў выкананы шэраг работ па мінімізацыі лінейнай формы на падмноствах сіметрычнай групы (В.​С.​Айзенштат, Дз.​М.​Краўчук, І.​М.​Кунцэвіч) і аптымізацыі раскладаў у сістэмах з аператарамі пераносу (В.​С.​Айзенштат, А.​С.​Мяцельскі, В.​С.​Танаеў). У далейшым даследаванні ў гэтай галіне разгарнуліся ў многіх НДІ і ВНУ Беларусі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў Ін-це матэматыкі і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі, НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання, БДУ.

У Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі выкананы цыкл работ па паліномнай вырашальнасці, дакладных і набліжаных алгарытмах рашэння шэрагу важных прыкладных задач аптымізацыі на падстаноўках (В.​М.​Дземідзенка, М.​М.​Мяцельскі, У.​І.​Сарванаў, Дз.​А.​Супруненка), атрыманы ўмовы аптымальнасці для нягладкіх задач вектарнай аптымізацыі (В.​В.​Гарохавік), развіты (разам з супрацоўнікамі БДУ) канструктыўныя метады рашэння шэрагу аптымізацыйных задач (Р.​Габасаў, Ф.​М.​Кірылава, В.​І.​Касцюкова). У Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі пад кіраўніцтвам В.​С.​Танаева выкананы цыкл работ па тэорыі раскладаў у адна- і шматстадыйных сістэмах (В.​С.​Гардон, М.​Я.​Кавалёў, Ю.​Н.​Сацкоў, Я.​М.​Шафранскі), праведзены даследаванні па тэорыі параметрычнай дэкампазіцыі аптымізацыйных задач, мадэлях і метадах рашэння аптымізацыйных праектных задач у САПР (Л.​Ф.​Верына, М.​М.​Гушчынскі, Г.​М.​Левін). У НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пад кіраўніцтвам У.​А.​Ямелічава выкананы работы па паслядоўных метадах дыскрэтнай аптымізацыі, поліэдральнай камбінаторыцы, рэгулярызацыі дыскрэтных задач вектарнай аптымізацыі (М.​М.​Кавалёў, У.​І.​Комлік, М.​К.​Краўцоў). У БДУ пад кіраўніцтвам М.​М.​Кавалёва распрацоўваецца якасная тэорыя дыскрэтнай аптымізацыі на аснове тэорыі матроідаў і поліматроідаў (У.​М.​Котаў, М.​М.​Пісарук); даследуюцца праблемы аптымізацыі выпадковых працэсаў, у т. л. ў сістэмах масавага абслугоўвання (А.​М.​Дудзін). Вынікі работ у галіне даследавання аперацый выкарыстоўваюцца пры стварэнні падсістэм падтрымкі прыняцця рашэнняў у аўтаматызаваных сістэмах планавання, праектавання і кіравання. Вучонымі Беларусі апублікавана больш за 20 манаграфій па розных аспектах даследавання аперацый. За цыкл работ «Мадэлі і метады тэорыі раскладаў» В.​С.​Гардону, М.​Я.​Кавалёву, Ю.​Н.​Сацкову, В.​А.​Струсевічу, В.​С.​Танаеву, Я.​М.​Шафранскаму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Літ.:

Левин Г.М., Танаев В.С. Декомпозиционные методы оптимизации проектных решений. Мн., 1978;

Емеличев В.А., Ковалев М.М., Кравцов М.К. Многогранники, графы, оптимизация. М., 1981;

Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: одностадийные системы. М., 1984;

Ковалев М.М. Матроиды в дискретной оптимизации. Мн., 1987;

Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: многостадийные системы. М., 1989;

Гороховик В.В. Выпуклые и негладкие задачи векторной оптимизации. Мн., 1990;

Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—5. Мн., 1984—98.

Г.​М.​Левін.

т. 18, кн. 2, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)