ФІЗІКА ЦВЁРДАГА ЦЕЛА

Сістэматычныя даследаванні па фізіцы цвёрдага цела на Беларусі пачаліся ў 1957 у Ін-це (да 1963 у Аддзеле) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі і ў БДУ пад кіраўніцтвам М.​М.​Сіраты; вядуцца таксама ў Бел. педагагічным і тэхналагічным ун-тах, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім, Віцебскім, Гродзенскім ун-тах, Ін-це тэхнічнай акустыкі Нац. АН Беларусі і інш. Даследуюцца праблемы хім. сувязі ў цвёрдых целах, атамна-электроннай структуры крышталёў, фазавых пераўтварэнняў, росту крышталёў, распрацоўкі новых магнітных, паўправадніковых, сегнетаэлектрычных, звышправодных, звышцвёрдых матэрыялаў і комплекснага вывучэння іх уласцівасцей, у т. л. пры высокіх цісках, нізкіх і высокіх тэмпературах, магутных магнітных палях, пры ўздзеянні іанізавальных выпрамяненняў і іонна-плазменных пучкоў.

Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблеме міжатамнага ўзаемадзеяння ў крышталях і дынаміцы крышталічнай рашоткі (М.​М.​Аляхновіч, Н.​С.​Арлова, І.​А.​Булат, Я.​М.​Галалобаў, Ц.​Дз.​Сакалоўскі, М.​М.​Сірата, А.​У.​Шэлег і інш.). Атрыманы значныя вынікі ў галіне сінтэзу звышцвёрдых матэрыялаў (алмаз, кубічны нітрыд бору) пры высокіх цісках (А.​М.​Мазурэнка, М.​М.​Сірата, В.​Б.​Шыпіла і інш.), тэрмадынамікі і кінетыкі фазавых пераходаў, тэорыі крышталізацыі, механізма ўтварэння крышталёў (М.​М.​Сірата), вырошчвання крышталёў (С.​М.​Барыла, Г.​Л.​Бычкоў, В.​М.​Варыкаш, А.​П.​Гесь, Л.​Н.​Марголін, П.​А.​Пупкевіч, М.​С.​Цэдрык і інш.). Выкананы даследаванні дыслакацыйнай структуры цвёрдых цел (М.​С.​Акулаў, Л.​І.​Гурскі, В.​П.​Севярдэнка, Э.​І.​Тачыцкі і інш.). Распрацоўваюцца рэнтгенаўскія дыфракцыйна-палярызацыйныя метады аналізу рэальных крышталёў (М.​М.​Аляхновіч, А.​В.​Пушкароў і інш.), метады іонна-плазменнага сінтэзу (У.​П.​Гольцаў, М.​Т.​Квасаў, У.​В.​Углоў, В.​М.​Хадасевіч і інш.), тэарэтычныя падыходы апісання фіз. уласцівасцей цвёрдых цел (У.​М.​Барздоў, В.​С.​Віхрэнка, У.​С.​Кузьмін, І.​І.​Наркевіч, Л.​А.​Рот, А.​П.​Сайко і інш.). Вядуцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ўзаемадзеяння іонных пучкоў з крышталямі і іоннай апрацоўкі матэрыялаў (В.​М.​Анішчык, Г.​А.​Гуманскі, С.​І.​Жукава, Ф.​Ф.​Камароў, І.​С.​Ташлыкоў і інш.), разлікі зоннай структуры крышталёў (В.​Я.​Барысенка, Н.​М.​Дарожкін, А.​Ф.​Равінскі і інш.). Даследуюцца высокатэмпературная звышправоднасць (А.​І.​Акімаў, Б.​Б.​Бойка, В.​Я.​Гусакоў, У.​П.​Новікаў, С.​П.​Прышчэпа, А.​П.​Сайко і інш.); матэрыялы, якія атрымліваюцца звышхуткай загартоўкай (В.​І.​Пракошын, В.​Р.​Шапялевіч і інш.); сегнетаэлектрычныя матэрыялы (А.​І.​Акімаў, М.​М.​Аляхновіч, Ю.​І.​Бохан, В.​М.​Варыкаш, Л.​Н.​Марголін, П.​А.​Пупкевіч, М.​М.​Сірата, М.​С.​Цэдрык, А.​Ц.​Шэлег і інш.); фізічныя ўласцівасці чыстых металаў і сплаваў пры нізкіх тэмпературах і магутных магнітных палях (В.​І.​Гасцішчаў, С.​Я.​Дзям’янаў, М.​М.​Сірата, В.​Р.​Собаль і інш.). Распрацоўваюцца метады атрымання плёнак алмазападобных мадыфікацый вугляроду (У.​П.​Новікаў, Э.​І.​Тачыцкі і інш.) і фулерытаў.

Літ.:

Олехнович Н.М., Комаров Ф.Ф. Физика твердого тела // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 18, кн. 2, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)