ТЭОРЫЯ ЛІКАЎ
Даследаванні па тэорыі лікаў на Беларусі вядуцца з пачатку 1950-х г. Асноўны цэнтр даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі. Даказаны вядомыя гіпотэзы: Малера (1964, У.Г.Спрынджук), Бейкера і Бейкера—Шміта (1983, В.І.Бернік), аналаг разбежнасці ў тэарэме Хінчына (1999, В.В.Берасневіч). Атрыманы поўны аналаг класічнай тэарэмы Хінчына для адвольных нявырашаных мнагастайнасцей у палях рэчаісных, камплексных і p-адычных лікаў (В.В.Берасневіч, В.І.Бернік, Э.І.Кавалеўская, І.М.Марозава, У.Г.Спрынджук і інш.), распрацаваны эфектыўныя метады ў тэорыі дыяфантавых ураўненняў (С.В.Котаў, Л.А.Трэліна, У.Г.Спрынджук), даследаваны пытанні незалежнасці над полем рацыянальных лікаў значэнняў дзэта-функцыі Рымана ў няцотных пунктах (Дз.У.Васільеў), тэарэтыка-лікавыя метады дастасуюцца да праблем крыптаграфіі. Істотныя вынікі атрыманы ў Гродзенскім (У.І.Машанаў, Н.А.Пераверзева) і Магілёўскім (У.М.Борбат, Н.У.Саковіч) ун-тах.
Літ.:
Спринджук В.Г. Классические диофантовы уравнения от двух неизвестных. М., 1982;
Bernik V.I., Dodson M.M. Metric Diophantine approximation on manifolds // Cambridge University Press. 1999. Vol 137;
Beresnevich V.V. On approximation of real numbers by real algebraic numbers // Acta Arithmetica. 1999. Vol. 90, №2.
В.І.Бернік.
т. 18, кн. 2, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)