ВЕНЕРАЛОГІЯ
У 19 ст. этыялогію, клініку, лячэнне, прычыны пашырэння і прафілактыку венерычных хвароб вывучалі бел. ўрачы А.М.Аляксандраў, К.П.Гарбачэўскі, П.Ф.Дзеканскі, І.З.Зак, Л.Я.Поляк, П.С.Тапорнін, А.А.Яхнін. Навук. даследаванні па венералогіі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры скурных і венерычных хвароб мед. факультэта БДУ (В.Ю.Мранговіус) і стварэннем у 1932 НДІ скурных і венерычных захворванняў (А.П.Комаў, А.Я.Пракапчук). У даваенны час і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі гал. яе кірункам стала распрацоўка навук. асноў ліквідавання венерычных хвароб, якія асабліва пасля вайны мелі амаль эпідэміялагічны характар. Бел. венеролагі распрацавалі метады: лячэння сіфілісу пеніцылінам (Пракапчук), безмыш’яковісты (С.С.Гарбулёў), скарочаны (Комаў), інструментальнай дыягностыкі, антыбіётыкатэрапіі ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.В.Дыла, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава) і інш. У 1960-х г. Беларусь стала адным з лепшых рэгіёнаў СССР па барацьбе з венерычнымі хваробамі (І.І.Багдановіч, Л.І.Багдановіч, А.П.Віторскі, Дыла, Комаў і інш.). Пастаяннае вывучэнне эпідэміялогіі венерычнай паталогіі дазволіла кантраляваць яе пашырэнне (А.П.Віторскі, В.Г.Радыёнава). Даследаваны імунны статус у хворых на сіфіліс (В.Г.Панкратаў і інш.) і ганарэю (Л.Г.Барабанаў), распрацаваны рэкамендацыі па іх карэкцыі. У апошнія дзесяцігоддзі даследаванні па венералогіі вядуцца ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. універсітэтах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Выяўлена змяненне клінічнай праявы сіфілісу, ганарэі і інш. інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, што мае важнае значэнне ў дыягностыцы гэтых паталогій (Панкратаў, Фёдарава, І.Г.Шыманская і інш.). Зроблены даследаванні па вывучэнні клінікі, дыягностыкі і лячэння сіфілісу нервовай сістэмы (Панкратаў, А.М.Лук’янаў). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Барабанаў, Віторскі, Панкратаў, Я.С.Пеўзнер, М.З.Ягоўдзік і інш.). Дадзена клінічная ацэнка тэрапеўтычнай эфектыўнасці лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (У.П.Адаскевіч, Барабанаў, В.М.Козін, Фёдарава, Ягоўдзік і інш.) Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скуравендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.
Літ.:
Горбулев С.С. Безмышьяковистое лечение сифилиса. Мн., 1959;
Венерические болезни. Мн., 1978;
Венерические болезни. Мн., 1998;
Адаскевич В.П. Инфекции, передаваемые половым путем. Н.Новгород, 2001.
М.З.Ягоўдзік.
т. 18, кн. 2, с. 574