ЗОАГЕАГРАФІЯ

Зоагеаграфічныя даследаванні на Беларусі пачаліся ў канцы 18 ст. з выяўлення відавой структуры фауны (экспедыцыя І.​І.​Ляпёхіна і інш.). У 19 ст. фауна Беларусі становіцца аб’ектам самаст. даследаванняў: працы А.​М.​Нікольскага аб птушках Палесся, К.​Э.​Ліндэмана аб насякомых наваколля г. Горкі і інш. У 1902 М.​М.​Арнольд стварыў першы на Беларусі каталог насякомых Магілёўскай губерні. З 1920-х А.​У.​Фядзюшын і У.​В.​Станчынскі аналізавалі пашырэнне і шляхі фарміравання фауны пазваночных. У пасляваенны час створаны буйныя зводкі па млекакормячых (І.​М.​Сяржанін, 1961), птушках (А.​У.​Фядзюшын, М.​С.​Долбік, 1967), рыбах (П.​І.​Жукаў, 1965), амфібіях і рэптыліях (М.​М.​Пікулік, 1996). Этап інвентарызацыі фауны беспазваночных, асабліва насякомых, які пачаўся ў 19 ст.; працягваецца і ў наш час. Зроблены зводкі па лускакрылых (В.​І.​Мержаеўская, А.​М.​Літвінава, Р.​У.​Малчанава, 1976), жуках (А.​Р.​Александровіч, І.​К.​Лапацін, А.​Дз.​Пісаненка, 1996), паўцвердакрылых (А.​А.​Лукашук, 1997), лістаедах (І.​К.​Лапацін, 1986). Створаны абагульняльныя працы па глебавай фауне (Э.​І.​Хацько, 1993) і фауне розных атрадаў насякомых (А.​М.​Цярошкін, Т.​П.​Смірнова, В.​В.​Бліноў, С.​У.​Буга, У.​У.​Піскуноў, А.​Л.​Несцерава, Т.​Р.​Іанісіяні і інш.). Упершыню створаны каталог калаўротак (Г.​А.​Галкоўская). Гісторыю фарміравання фауны ў пасляледавіковы перыяд вывучаюць У.​І.​Назараў, А.​Р.​Александровіч, С.​У.​Буга. У наш час у зоагеаграфіі ўзмоцнены экалагічны кірунак, большая ўвага аддаецца пытанням уздзеяння на фауну гаспадарчай дзейнасці чалавека, складаюцца схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюцца рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш.

Літ.:

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980.

І.​К.​Лапацін.

т. 18, кн. 2, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)