КУН (Kuhn) Томас Сэмюэл
(н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),
амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.
Тв.:
Рус. пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.
т. 9, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)