ЭПІДЭМІЯЛОГІЯ
Развіццё эпідэміялогіі як навукі пачалося на Беларусі з адкрыцця НДІ Мін-ва аховы здароўя: санітарна-бактэрыялагічнага ў Віцебску (1921), эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў Мінску (1924). У 1920—40-я г. бел. вучоныя вывучалі эпідэміялогію сыпнога тыфу, паветрана-кропельных і кішэчных інфекцый, гельмінтозаў, малярыі (Дз.П.Бяляцкі, В.І.Дурыхін, Д.Х.Зібіцкер і інш.). У выніку да канца 1950-х г. малярыя як масавая хвароба на Беларусі канчаткова ліквідавана. З 1950-х г. вяліся даследаванні склеромы, лептаспірозаў, сальманелёзаў, хваробы Брыля, тулярэміі і інш. Асаблівая ўвага аддавалася поліяміэліту і дыфтэрыі, якія ў пасляваенны час набылі амаль Эпідэмічны характар (В.І.Вацякоў, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, М.І.Лебедзеў, П.Р.Рыцік, Г.А.Суджаеў, Э.У.Фельдман і інш.). У 1960—80-я г. вывучаліся гепатыты, гемарагічныя ліхаманкі, герпесвірусная інфекцыя; выяўлена павольная інфекцыя цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.Дз.Каламіец, І.І.Протас і інш.). У выніку пастаяннай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў на Беларусі ліквідаваны натуральная воспа, поліяміэліт, блізкі да ліквідавання адзёр; кантралюецца захваральнасць на дыфтэрыю, краснуху, паратыт, гепатыт B. У апошнія дзесяцігоддзі інтэнсіўна развіваецца малекулярная эпідэміялогія. Даследаванні ў гэтым кірунку вядуцца ў Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, у мед. універсітэтах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1987 даследуюцца этыялогія і эпідэміялогія СНІДу (Н.Дз.Каламіец, Рыцік і інш.), вылучаны высокапрадуктыўны штам ВІЧ. Пашыраюцца даследаванні ў галіне фундаментальнай эпідэміялогіі; створана камп’ютэрная база, што дазваляе ўдасканальваць улік і рэгістрацыю захворванняў і іх аналіз (У.С.Барткевіч, М.І.Вальвачоў, М.І.Рымжа, Р.М.Чысценка).
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Чистенко Г.Н. Общая эпидемиология. Мн., 1997;
Полиомиелит в Беларуси: достижения и проблемы профилактики заболевания живой оральной вакциной // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. мед.-біял. навук. 2003. №4.
А.А.Самайловіч.
т. 18, кн. 2, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)