ЗААЛОГІЯ

Даследаванні па заалогіі на Беларусі вяліся з 18 ст. У той час яны былі эпізадычнымі, праводзіліся на невялікіх тэрыторыях, ахоплівалі толькі некаторыя групы жывёл і не давалі поўнага ўяўлення нават пра відавы склад жывёльнага свету рэгіёна. Заалагічныя апісанні асобных тэр. Беларусі прадстаўлены ў працах польскага даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рас. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.) і В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У пач. 20 ст. складзены звесткі пра склад тэрыяфауны, арнітафауны (У.​М.​Шнітнікаў), энтамафауны (М.​М.​Арнольд) і іхтыяфауны (І.​М.​Арнольд) некаторых рэгіёнаў Беларусі. Вызначальнымі для развіцця заалагічнай навукі на Беларусі з’явіліся створаныя ў 1921 кафедра заалогіі пры БДУ і ў 1922 заалагічная падсекцыя пры Інбелкульце. Пасля заснавання Акадэміі навук Беларусі (1.1.1929) заалагічныя даследаванні каардынуюць адпаведныя акадэмічныя ўстановы: аддзел фауны пры Ін-це біялогіі (з 1932), аддзел заалогіі і паразіталогіі пры Прэзідыуме АН (з 1958), Ін-т заалогіі (з 1980), а таксама кафедра заалогіі БДУ з заалагічным музеем (з 1929). Фауна вывучаецца таксама на адпаведных кафедрах ВНУ, ін-тах аддзяленняў біялагічных і аграрных навук Нац. АН Беларусі, у нац. парках, запаведніках.

У экспедыцыйных даследаваннях па інвентарызацыі фауны, праведзеных пад кіраўніцтвам А.​У.​Фядзюшына ў 1924—30, сабраны калекцыйны матэрыял па ўсіх класах пазваночных жывёл, а таксама малюсках, чарвях, членістаногіх. На іх аснове арганізаваны заалагічныя музеі ў БДУ і АН Беларусі. Фрагментарнае вывучэнне асобных відаў і груп жывёл з часам трансфармавалася ў планамерныя даследаванні, што дало магчымасць ацаніць стан і дынаміку многіх відаў пазваночных жывёл і правесці іх карціраванне. Станаўленне іхтыялогіі і рыбагаспадарчых даследаванняў звязана з арганізацыяй у 1924 бел. рыбагаспадарчай экспедыцыі. У 1925 па прапанове А.​У.​Фядзюшына створаны 1-ы ў рэспубліцы дзярж. запаведнік на Бярэзіне, якому паводле рашэння ЮНЕСКА у 1979 нададзены статус біясфернага. У 1930-я г. пад кіраўніцтвам М.​М.​Кулагіна пачаты даследаванні па глебавай і эксперыментальнай энтамалогіі.

Большая частка назапашаных навук. матэрыялаў была знішчана ў Вял. Айч. вайну. У пасляваенныя гады адноўлены работы па інвентарызацыі фауны, вывучэнні жывёл розных сістэматычных і экалагічных груп, аднаўляліся і папаўняліся заалагічныя калекцыі і фондавыя матэрыялы. 1-я схема зоагеаграфічнага раянавання тэр. Беларусі і размеркавання фауністычных комплексаў млекакормячых, прапанаваная І.​М.​Сяржаніным, стала асновай для ўключэння ў сферу зоагеаграфічнага аналізу інш. груп жывёл.

Найб. актыўна вяліся арніталагічныя даследаванні. Дэталёва вывучана арнітафауна шэрагу рэгіёнаў Беларусі, ахарактарызаваны асаблівасці яе размеркавання, вызначаны колькасныя параметры многіх відаў птушак (М.​С.​Долбік, А.​У.​Фядзюшын і інш.); вывучаліся відавы склад, стан і дынаміка колькасці птушак розных біятопаў і ўплыў на арнітафауну антрапагенных фактараў.

У галіне энтамалогіі і глебавай заалогіі асноўная ўвага аддаецца пытанням таксаноміі, эколага-фауністычнай характарыстыкі насякомых-шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі (А.​Р.​Александровіч, І.​К.​Лапацін, В.​І.​Мержаеўская, В.​Ф.​Самерсаў, Л.​І.​Трапашка, Э.​І.​Хацько і інш.).

З 1950-х г. у НДІ рыбнай гаспадаркі, БДУ, Ін-це заалогіі вядуцца сістэмныя даследаванні фауны вадаёмаў. Вывучаны склад прамысловай іхтыяфауны рыбагаспадарчых вадаёмаў, біялогія і экалогія рыб і водных беспазваночных жывёл, прадукцыйнасць водных экасістэм, асаблівасці структурнай арганізацыі і функцыянавання планктонных і бентычных згуртаванняў, распрацаваны асновы акліматызацыі і інтрадукцыі новых відаў рыб (А.​П.​Астапеня, Г.​Г.​Вінберг, Т.​В.​Жукава, П.​І.​Жукаў, Л.​В.​Камлюк, С.​В.​Кахненка, Н.​М.​Кручкова, М.​Е.​Макушок, Т.​М.​Міхеева і інш.). Вывучэнне фауны водных беспазваночных жывёл з 1970-х г. дапаўняецца эксперыментальнымі даследаваннямі па экалагічнай біяэнергетыцы (У.​М.​Байчораў, Г.​А.​Галкоўская, А.​П.​Голубеў, Л.​М.​Сушчэня, В.​П.​Сяменчанка, Н.​М.​Хмялёва).

Вялікая ўвага аддаецца праблемам уплыву прыродных і антрапагенных фактараў на стан асобных відаў жывёл, функцыянавання фауністычных комплексаў і экасістэм, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету. З пач. 1980-х г. пад кіраўніцтвам М.​М.​Пікуліка сістэмна даследавалася герпетафауна Беларусі. Ахарактарызаваны стан, ландшафтная дыферэнцыяцыя і экалогія амфібій і рэптылій, прааналізаваны морфафенатыпічная зменлівасць фонавых відаў. У 1970—90-я г. даследаваліся змены фауны Беларускага Палесся ў сувязі з буйнамаштабнай меліярацыяй і сельскагаспадарчым асваеннем зямель, ахарактарызаваны заканамернасці і механізмы трансфармацыі фауністычных комплексаў пад уплывам узмоцненай антрапагеннай нагрузкі, зроблена ацэнка вынікаў Чарнобыльскай катастрофы для жывёльнага свету.

Сучасны этап развіцця заалогіі характарызуецца актывізацыяй у сферы міжнар. супрацоўніцтва. Актуальнымі праблемамі з’яўляюцца вывучэнне дынамікі і заканамернасцей фарміравання біялагічнай разнастайнасці жывёльнага свету Беларусі, удасканаленне сістэмы ахоўных прыродных тэрыторый на аснове стварэння нац. экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе пры дапамозе трансгранічных сувязей у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку, распрацоўка комплексных відавых планаў захавання відаў жывёл, якім пагражае знікненне, удакладненне спіса жывёл для занясення ў Чырвоную кнігу Беларусі.

М.​Я.​Нікіфараў, А.​Я.​Пленін.

т. 18, кн. 2, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)