СТАМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.М.Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.І.Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.А.Мятліцкі). Бердыган і Т.В.Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г. распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.Ф.Акалот, Г.П.Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.У.Кручынскі) і дзяцей (Э.М.Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.С.Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.С.Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.М.Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.А.Леус (прафілактыка карыесу), І.К.Луцкая (фізіялогія зуба), С.А.Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.М.Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.П.Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.
Літ.:
Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;
Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;
Околот Т.Ф. Хирургическое лечение околокорневой кисты с сохранением зубов. Мн., 1972;
Кручинский Г.В., Филиппенко В.И. Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991;
Луцкая И.К., Артюшкевич А.С. Руководство по стоматологии. Ростов н/Д. 2000;
Клиническая периодонтология. Мн., 2002.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 18, кн. 2, с. 580
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)