АРХЕАЛОГІЯ
Археал. раскопкі на Беларусі пачаліся ў 1-й чвэрці 19 ст. Курганы паміж Магілёвам і Рагачовам, пазней каля Навагрудка і Ліды даследаваў Т.Нарбут. З.Даленга-Хадакоўскі склаў «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», у якім сярод некалькіх тысяч археал. помнікаў каля 200 зафіксаваны на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У сярэдзіне 19 ст. Я.П.Тышкевіч вывучаў курганы на Міншчыне, у 1855 на аснове сабраных матэрыялаў ён стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археалагічную камісію. Яго брат К.П.Тышкевіч даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў тапаграфічныя планы, першы сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак. Археал. раскопкі праводзілі А.Г.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, Ф.В.Пакроўскі, В.А.Шукевіч, К.А.Гаворскі, І.І.Далгоў, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Р.Г.Ігнацьеў, Г.Х.Татур, М.П.Авенарыус, Ф.Л.Вярэнька, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На развіццё археал. даследаванняў на Беларусі істотна паўплываў 9-ы археал. з’езд, які праходзіў у Вільні ў 1893. Нягледзячы на пэўныя поспехі, тагачасныя археал. даследаванні на Беларусі мелі аднабаковы характар: вывучаўся амаль выключна адзін від помнікаў — курганы, характэрнай рысай археалогіі быў яе краязнаўчы характар.
Інтэнсіўныя археал. даследаванні пачаліся ў 1920-я г. У 1921 пры Наркамаце асветы БССР створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археал. помнікаў. Іх планамернае вывучэнне ў 1925 пачала гісторыка-археал. камісія Інстытута беларускай культуры, дзе ў 1927 адкрыта кафедра археалогіі. У 1929 яна пад назвай археал. камісіі ўвайшла ў склад Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1932 перайменавана ў секцыю археалогіі. Археал. даследаваннямі на Беларусі ў 1920—30-я г. кіраваў А.М.Ляўданскі. К.М.Палікарповіч выявіў і даследаваў стаянкі эпохі палеаліту (у Бердыжы. Падлужжы і Юравічах), мезаліту, неаліту і бронзавага веку. Значны ўклад у развіццё археалогіі Беларусі зрабілі С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, А.І.Сербаў, М.М.Улашчык, С.С.Шутаў і інш. Асобныя археал. даследаванні праводзіліся і на тэр. Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут найб. значныя вынікі пры раскопках атрымалі У.Антаневіч, У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, Я.Савіцкі, С.Крукоўскі, Ю.Ядкоўскі, З.Шміт, З.Дурчэўскі, М.Федароўскі, Р.Якімовіч і інш. Вял. страты панесла навука ў 1930-я г., калі былі рэпрэсіраваны і загінулі вядучыя бел. археолагі, у т. л. Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя.
У пасляваенны час археал. вывучэнне Беларусі праводзілі супрацоўнікі сектара археалогіі, створанага ў 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Бел. вучоныя ўстанавілі, што засяленне тэр. Беларусі пачалося з сярэдняга палеаліту, г.зн. 100—40 тыс. г. назад, выявілі каля 640 помнікаў каменнага і 670 бронзавага вякоў гал. чынам на Палессі, Пасожжы і Панямонні, дэталёва даследавалі 30 мезалітычных, 78 неалітычных помнікаў, 18 могільнікаў бронзавага веку ў Верхнім Падняпроўі; вылучылі археал. культуры: свідэрскую, грэнскую, сожскую, нёманскую, днепра-данецкую, верхнедняпроўскую, дзяснінскую, нарвенскую, грабеньчата-ямкавай керамікі; шнуравой керамікі і інш. (У.Дз.Будзько, Э.М.Зайкоўскі, У.Ф.Ісаенка, А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, М.М.Крывальцэвіч, У.П.Ксяндзоў, В.Я.Кудрашоў, В.Л.Ліпніцкая, М.М.Чарняўскі, І.М.Язэпенка і інш.).
У 1950—2000-я г. мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў ранняга жалезнага веку праводзілі В.Г.Белявец, Г.М.Бяліцкая, В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, Н.М.Дубіцкая, А.А.Егарэйчанка, А.У.Ільюцік, Ю.У.Каласоўскі, В.Б.Караткевіч, М.І.Лашанкоў, А.Р.Мітрафанаў, А.М.Мядзведзеў, П.М.Падгурскі, Л.Д.Побаль, В.І.Шадыра, К.П.Шут і інш. Выказваюцца розныя меркаванні пра засяленне тэр. Беларусі ў жалезным веку: на думку адных вучоных, на мяжы нашай эры тут фарміраваліся славяне, на думку другіх, да 6—8 ст. н.э. тут жылі балцкія плямёны.
Даследаванні бел. археолагаў у 1960—80-я г. далі магчымасць прасачыць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў — дрыгавічоў, полацкіх крывічоў, радзімічаў, якія сталі этнічнай асновай бел. народнасці. Бел. даследчыкі вывучалі гарады эпохі Кіеўскай Русі — Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск, Тураў, Друцк, Брэст, Ваўкавыск, Лукомль, Слуцк, Клецк, Заслаўе, Гродна, Гомель, Крычаў і інш. (Т.С.Бубенька, Ю.І.Драгун, Э.М.Загарульскі, Я.Г.Звяруга, Л.У.Калядзінскі, П.Ф.Лысенка, А.А.Макушнікаў, А.А.Мяцельскі, В.С.Пазднякоў, В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў і інш.); сельскія пасяленні і курганы (У.У.Багамольнікаў, А.А.Башкоў, А.В.Вайцяховіч, С.Дз.Дзярновіч, Л.У.Дучыц, А.В.Іоў, Т.М.Каробушкіна, А.В.Квяткоўская, В.І.Кошман, Г.В.Ласкавы, С.А.Піваварчык, А.М.Плавінскі, Я.Р.Рыер, Г.М.Семянчук). З сярэдзіны 1970-х г. пачалося спец. археал. вывучэнне матэрыяльнай культуры бел. гарадоў 14—18 ст. (Д.У.Дук, Ю.А.Заяц, В.М.Ляўко, В.Е.Собаль, С.В.Тарасаў, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк). Даследаваны археал. помнікі 14—18 ст., замкі, гарады і мястэчкі Езярышча, Ашмяны, Свіслач, Сураж, Смаляны, Стрэшын, Магілёў, Ліда, Лоск, Маладзечна, Дзісна, Глуск, Мір, Горы і інш. (Р.В.Баравы, Ш.І.Бекцінееў, Ю.М.Бохан, І.У.Ганецкая, В.Я.Зайцава, Н.І.Здановіч, М.В.Клімаў, А.К.Краўцэвіч, А.М.Кушнярэвіч, І.А.Марзалюк, П.А.Русаў, Г.А.Сагановіч, І.І.Сінчук, А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі, В.У.Шаблюк).
У 1980 на базе сектара археалогіі ў складзе Ін-та гісторыі АН Беларусі створаны аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 3 сектары пераўтвораны ў аддзелы: першабытнай археалогіі, сярэдневяковай археалогіі і археалогіі даследаванняў зон новабудоўляў; у 1991 створаны аддзел археалогіі жалезнага веку. Археал. помнікі Беларусі даследавалі таксама супрацоўнікі аддзела археал. даследаванняў НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», БДУ, Гомельскага, Гродзенскага і Магілёўскага ун-таў, Нац музея гісторыі і культуры Беларусі, Гродзенскага гісторыка-археал. музея, Ваўкавыскага ваенна-гіст. музея, Віцебскага, Брэсцкага, Гомельскага, Магілёўскага абл. краязнаўчых музеяў і інш. Археал. помнікі Беларусі розных перыядаў вывучалі супрацоўнікі Ін-та археалогіі Рас. АН (А.М.Абломскі, Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, М.М.Варонін, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, М.К.Каргер, У.Ю.Кухарэнка, М.А.Лапацін, М.У.Малеўская, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, З.М.Сяргеева, К.В.Паўлава, В.Б.Перхаўка, У.Я.Яроменка і інш.), кафедры археалогіі С.-Пецярбургскага ун-та (В.А.Булкін і інш.). В.В.Сядоў стварыў тэорыю субстратнага паходжання беларусаў у працэсе асіміляцыі балтаў славянамі, які пачаўся ў 7—8 ст. н.э. Дасягненні археолагаў у вывучэнні мінулага Беларусі абагульнены ў шматлікіх манаграфіях, а таксама ў калектыўных працах «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1—4, 1997—2001).
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
т. 18, кн. 2, с. 471