БЕ́РНАЛ

(Bernal) Джон Дэсманд (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),

англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л. СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.

В.В.Краснова.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)