СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ГІСТАРЫЧНЫЯ ДЫСЦЫПЛІНЫ

Крыніцазнаўства. Першую спробу характарыстыкі крыніц па гісторыі Беларусі зрабіў Дз.​І.​Даўгяла (у 1920-я г.). У 1965 кароткі агляд крыніц па гісторыі Беларусі апублікаваў А.​П.​Ігнаценка. Асобныя групы крыніц феад. перыяду аналізавалі А.​І.​Груша, А.​П.​Грыцкевіч, П.​Р.​Казлоўскі, З.​Ю.​Капыскі, Я.​М.​Карпачоў, В.​Ф.​Касовіч, А.​М.​Люты, В.​І.​Мялешка, М.​М.​Улашчык, В.​У.​Чапко, М.​Ф.​Шумейка і інш.; крыніцы 20 ст. — С.​У.​Жумар, У.​М.​Міхнюк, Р.​П.​Платонаў, С.​З.​Пачанін, В.​Дз.​Селяменеў, Шумейка і інш.; супрацоўнікі архіўных і інш. н.-д. устаноў у аглядах дакументаў, у даведніках пра дакументы дзярж. архіваў Беларусі. Тэарэтычныя пытанні крыніцазнаўства распрацоўвае В.​П.​Грыцкевіч.

Археаграфія. Камеральная археаграфія на Беларусі пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў. Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—18 ст. дакументаў Метрыкі і Трыбунала ВКЛ, інш. дзярж., царк. і прыватных архіваў. Дакументы па гісторыі Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. выдавалі Віленская і Кіеўская археаграфічныя камісіі, Віцебскі цэнтр. архіў стараж. актаў, І.​І.​Грыгаровіч, М.​В.​Доўнар-Запольскі і інш. Арганізаваная ў 1925 Археаграфічная камісія Інбелкульта падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў» (т. 1—3, 1927—30), прысвечаны эпосе феадалізму. У 1920—30-х г. выдаваліся пераважна дакументы пра рэв. падзеі і грамадзянскую вайну. Выданні 1930 — пач. 1970-х г. у асноўным разлічаны на шырокае кола чытачоў, мелі прапагандысцкі характар («Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1936—54). Найб. значныя выданні дакументаў: «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «Беларусь у эпоху феадалізму» (т. 1—4, 1959—79), «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз’яднанне з БССР» (т. 1—2, 1962—72), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Барацьба за Савецкую ўладу на Беларусі» (т. 1—2, 1968—71), «Беларусь у эпоху капіталізму» (т. 1—2, 1983—90), «Камуністычная партыя Беларусі ў рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў і пленумаў ЦК» (т. 1—6, 1983—87), «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Беларускія остарбайтэры: Угон насельніцтва Беларусі на прымусовыя работы ў Германію» (кн. 1—3, 1996—98). З 2000 у рамках міжнар. праекта ў Беларусі выдаюцца кнігі Метрыкі ВКЛ. У наш час работы па археаграфіі праводзяць Дзярж. к-т па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і створаная пры ім у 1999 Археаграфічная камісія, архівы рэспублікі, ін-ты гісторыі і л-ры Нац. АН Беларусі, Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ (да 1991), выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» і інш. З 2000 выходзіць «Беларускі археаграфічны штогоднік».

Дыпламатыка. Практычная дыпламатыка на Беларусі развівалася з 16 ст., што было выклікана неабходнасцю праверкі дакументаў на права валодання маёнткамі. У 19 ст. важнай мэтай дыпламатыкі была праверка дакументаў, што пацвярджалі прыналежнасць на дваранства. У 20 ст. дыпламатыка стала навук. дысцыплінай, якая вывучае гал. ч. дакументы феад. эпохі (А.​І.​Груша, А.​І.​Дзярновіч, В.​С.​Мянжынскі і інш.).

Палеаграфія. Пачынальнік бел. навук. палеаграфіі — Я.​Ф.​Карскі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, 2 выд. 1979). Помнікі пісьменнасці з палеаграфічнага боку вывучалі і вывучаюць А.​К.​Антановіч, А.​М.​Булыка, Н.​Т.​Вайтовіч, А.​І.​Груша, М.​В.​Нікалаеў, З.​Л.​Яцкевіч. Дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996) выдала С.​Я.​Куль-Сяльверстава.

Эпіграфіка. Помнікі бел. эпіграфікі ў канцы 19 — пач. 20 ст. вывучалі А.​П.​Сапуноў, Е.​Р.​Раманаў і інш. З сярэдзіны 20 ст. актыўна даследуюцца надпісы на Барысавых камянях, дробных рэчах, знойдзеных пры археал. раскопках, графіці на сценах цэркваў (Л.​В.​Аляксееў, Л.​У.​Дучыц, П.​Ф.​Лысенка, А.​А.​Мельнікава, Б.​А.​Рыбакоў, С.​В.​Тарасаў, Г.​В.​Штыхаў і інш.).

Сфрагістыка. Зборы бел. пячатак у сярэдзіне 19 ст. мелі Віленскі музей старажытнасцей і Лагойскі музей К.П. і Я.​П.​Тышкевічаў, Мінскі царкоўна-археал. музей і Бел. музей у Вільні, заснаваныя ў пач. 20 ст. Бел. пячаткі даследавалі А.​Вярыга-Дарэўскі, М.​Гумоўскі, Т.​Жаброўскі, Ф.​Пекасінскі, У.​Сямковіч, Ю.​Ядкоўскі. Пячаткі з археал. раскопак вывучаюць М.​Белямук, П.​Ф.​Лысенка, А.​І.​Трафімаў, Г.​В.​Штыхаў, В.​Л.​Янін і інш., пячаткі пры дакументах 14—20 ст. — Э.​Рымша, Г.​Л.​Харашкевіч, А.​К.​Цітоў.

Геральдыка. Выявы гербаў ВКЛ у зах.-еўрап. гербоўніках вядомы з пач. 15 ст. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» А.​Каяловіча. У 18 ст. геральдыку ВКЛ вывучалі К.​Нясецкі, Ю.​А.​Ябланоўскі і інш. У 19—20 ст. на навук. ўзровень вывучэнне бел. пячатак паставілі працы А.​Малецкага, У.​Сямковіча, Ф.​Пекасінскага і інш. Выдадзены складзеныя ў канцы 18 ст. гербоўнікі віцебскай (1899) і аршанскай (1900) шляхты. У наш час геральдычныя даследаванні вядуць У.​М.​Вяроўкін-Шалюта, А.​П.​Грыцкевіч, С.​У.​Думін, С.​Я.​Рассадзін, А.​К.​Цітоў, А.​І.​Шаланда. і інш. З 2002 працэс стварэння новых гербаў каардынуе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які вядзе Дзярж. геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь.

Генеалогія. Як спец. гіст. дысцыпліна генеалогія склалася ў 16—18 ст. (гербоўнікі Ш.​Акольскага, А.​Каяловіча, К.​Нясецкага, Б.​Папроцкага). На навук. узроўні генеалогію Гедзімінавічаў, значных княжацкіх і шляхецкіх родаў распрацоўвалі даследчыкі 19 — пач. 20 ст. А.​Ю.​Банецкі («Польскі гербоўнік», т. 1—13, 1899—1909), Ю.​Вольф, С.​Дзядулевіч, Т.​Жыхлінскі («Залатая кніга польскай шляхты», т. 1—31), К.​Стадніцкі, У.​Сямковіч, М.​Тышкевіч, С.​Урускі і А.​А.​Касінскі («Сям’я: Гербоўнік польскай шляхты», т. 1—14, 1904—17) і інш. У іх працах шырока выкарыстаны матэрыялы, якія прадстаўнікі шляхецкіх родаў Беларусі збіралі для прадастаўлення ў органы дваранскага самакіравання і Герольдыю Рас. імперыі. У БССР генеалагічныя даследаванні амаль не праводзіліся. З канца 20 ст. пытанні генеалогіі родаў Беларусі распрацоўваюць супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі, Нац. гіст. архіва Беларусі, інш. архіваў, ВНУ, «Беларускай Энцыклапедыі» і інш. устаноў Рэспублікі Беларусь (У.​М.​Вяроўкін-Шалюта, Э.​М.​Загарульскі, Г.​В.​Кісялёў, В.​Л.​Насевіч, С.​А.​Рыбчонак, М.​М.​Ялінская, З.​Л.​Яцкевіч і інш.) і за мяжой (С.​У.​Думін, А.​М.​Нарбут, Я.​Ціхановіч, А.​А.​Шумкоў і інш.). Выдадзены кн. «Малы гербоўнік наваградскай шляхты», (1997), «Гербоўнік беларускай шляхты», (т. 1, 2002). Генеалагічныя даследаванні публікуюцца ў часопісах «Герольд Litherland», «Годнасьць», «Спадчына». Пашырылася тэматыка бел. генеалогіі, распрацоўваюцца радаводы сялянскіх і мяшчанскіх родаў.

Нумізматыка. У 16—18 ст. значныя нумізматычныя калекцыі захоўваліся ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў, у зборах інш. магнатаў, у 19 ст. — у калекцыі М.​П.​Румянцава ў Гомелі. Вял. нумізматычную калекцыю сабраў Я.​П.​Тышкевіч, які перадаў яе Віленскаму музею старажытнасцей. Улікам і зборам манетных знаходак займаліся губернскія статыстычныя камітэты і іх музеі. Да Вял. Айч. вайны нумізматычныя даследаванні на Беларусі праводзілі К.​В.​Харламповіч, М.​М.​Шчакаціхін і інш. У пасляваенны час працы па нумізматыцы выдалі Ш.​І.​Бекцінееў, І.​Н.​Колабава, Л.​Д.​Побаль, В.​Н.​Рабцэвіч, І.​І.​Сінчук і інш. У наш час найбольшыя манетныя калекцыі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, абласных і раённых музеях, Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ, музеі Нац. банка Рэспублікі Беларусь.

Метралогія гістарычная. У 18 ст. пытанні гіст. метралогіі бел. зямель разглядалі С.​Богуш-Сестранцэвіч, Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, у 19 — пач. 20 ст. М.​І.​Гарбачэўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі, У.​І.​Пічэта, А.​Сапега, А.​М.​Семянтоўскі, А.​Хадкевіч і інш. У пасляваенны час гіст. метралогію даследавалі і даследуюць гісторыкі Я.​К.​Анішчанка, А.​П.​Грыцкевіч, П.​Р.​Казлоўскі, З.​Ю.​Капыскі, Дз.​Л.​Пахілевіч, этнограф Л.​А.​Малчанава, мовавед К.​У.​Скурат і інш.

Храналогія гістарычная. Пачатак вывучэння каляндарных сістэм, што выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі, паклалі ў 19 ст. М.​І.​Гарбачэўскі, А.​І.​Мілавідаў, М.​Ф.​Сумцоў і інш. Храналогію летапісання даследавалі М.​Г.​Беражкоў, М.​С.​Грушэўскі, Б.​А.​Рыбакоў і інш. Асобныя праблемы гіст. храналогіі Беларусі даследавалі Г.​Я.​Галенчанка, А.​Гейштар, У.​Сямковіч, Г.​Л.​Харашкевіч і інш.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973;

Люты А.М., Касовіч В.Ф. Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 1996;

Лютый А.М. Историография и источники по проблеме генезиса капитализма в России и ее национальных регионах. Мн., 1989;

Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978;

Яго ж. Сборники документов по истории Белоруссии, изданные в БССР (1921—1971 гг.) // Археогр. ежегодник за 1974 г. М., 1975;

Вопросы археографии в БССР. Мн., 1980;

Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 2001, Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;

Яго ж. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. Мн., 1999;

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 2, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)