ТЭОРЫЯ ІМАВЕРНАСЦЕЙ І МАТЭМАТЫЧНАЯ СТАТЫСТЫКА

Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне матэматыкі на Беларусі пачаліся ў 1974 з адкрыццём кафедры тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыкі ў БДУ (арганізатар Г.​А.​Мядзведзеў) і лабараторыі статыст. метадаў у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (арганізатары І.​Г.​Журбенка і М.​Л.​Пятровіч). Даследаванні вядуцца таксама ў Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, Мазырскім пед. ін-це, Бел. нац. тэхнічным ун-це. На развіццё даследаванняў значна паўплывалі расійскія вучоныя (школы А.​М.​Калмагорава, С.​А.​Айвазяна, Дз.​М.​Чыбісава).

У галіне лімітавых тэарэм устаноўлены ўмовы асімптатычнай нармальнасці сум залежных выпадковых велічынь з рознымі тыпамі перамешвання і атрыманы ацэнкі хуткасці збежнасці (М.​М.​Зуеў, М.​Дз.​Юдзін); вынікі абагульнены для шматмерных выпадковых велічынь (М.​В.​Лазаковіч, М.​Дз.​Юдзін), для выпадковых палёў (М.​М.​Зуеў), для гільбертавых прастор (Б.​А.​Залескі). У стахастычным аналізе распрацаваны метады рашэння нелінейных стахастычных дыферэнцыяльных ураўненняў (Г.​А.​Мядзведзеў, А.​Дз.​Ягораў), у т. л. з выкарыстаннем тэорыі інтэрпаляцыі аператараў (Л.​А.​Яновіч); пабудаваны і даследаваны абагульненыя стахастычныя дыферэнцыяльныя ўраўненні і інтэгралы (М.​В.​Лазаковіч). У матэматычнай і прыкладной статыстыцы вырашаны задачы адаптыўнага (рэкурэнтнага) статыстычнага ацэньвання параметрычных і функцыянальных характарыстык рэгрэсійнай мадэлі выпадковых працэсаў і палёў (Г.​А.​Мядзведзеў); распрацаваны тэорыя рабаснай (устойлівай да скажэнняў) статыстычнай класіфікацыі шматмерных назіранняў (Ю.​С.​Харын), асновы тэорыі рабаснага кластэр-аналізу (Я.​Я.​Жук), метады рабаснага статыстычнага прагназіравання часавых шэрагаў (Ю.​С.​Харын), асімптатычныя метады статыстычнага аналізу часавых шэрагаў (М.​М.​Труш), метады статыстычнага ацэньвання спектральнай шчыльнасці ўстойлівых выпадковых працэсаў (М.​М.​Дземеш, М.​М.​Труш), метады статыстычнага аналізу і распазнавання відарысаў (Б.​А.​Залескі), а таксама пакеты прыкладных праграм у галіне статыстычнага аналізу даных (М.​С.​Абрамовіч, М.​Л.​Пятровіч, М.​Дз.​Сцяпанава, Ю.​С.​Харын). У тэорыі масавага абслугоўвання распрацаваны асновы тэорыі замкнёных сістэм масавага абслугоўвання (Г.​А.​Мядзведзеў), тэорыя даследавання сістэм масавага абслугоўвання з кіравальным рэжымам функцыянавання (А.​М.​Дудзін); знойдзены ўмовы мультыплікатыўнасці (фактарызацыі) стацыянарнага размеркавання імавернасцей для сетак масавага абслугоўвання (Ю.​У.​Малінкоўскі); даследаваны сістэмы масавага абслугоўвання з групавымі маркаўскімі ўваходнымі патокамі (А.​М.​Дудзін, В.​І.​Клімянок), лакальныя вылічальныя сеткі (М.​А.​Маталыцкі, І.​І.​Хамічкоў), спецыяльныя сістэмы масавага абслугоўвання (А.​М.​Ціханенка). На аснове тэарэт. даследаванняў пабудаваны праграмныя комплексы і вырашаны шэраг практычных задач мед. дыягностыкі, кантролю якасці, праектавання і аптымізацыі камп’ютэрных сетак, апрацоўкі і аховы інфармацыі, прагназіравання ў эканоміцы. Апублікавана больш за 20 манаграфій, заснавана Бел. статыстычная асацыяцыя (1998).

Літ.:

Зуев Н.М. Предельные теоремы для слабозависимых случайных величин. Мн., 2000;

Юдин М.Д. Сходимость распределений еумм случайных величин. Мн., 1990;

Egorov A.D., Sobolevskiy P.I., Yanovich L.A. Functional Integrals: Approximate Evaluation and Applications. London, 1993;

Kharin Yu.S. Robustness in Statistical Pattern Recognition. London, 1996;

Труш Н.Н. Асимптотические методы статистического анализа временных рядов. Мн., 1999;

Дудин А.Н., Клименок В.И. Системы массового обслуживания с коррелированными потоками. Мн., 2000;

Петрович М.Л., Давидович М.И. Статистическое оценивание и проверка гипотез на ЭВМ. М., 1989.

Ю.​С.​Харын.

т. 18, кн. 2, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)