МІЖНАРОДНАЕ ПРАВА

У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе СССР неабходнасць правядзення навук. даследаванняў у галіне міжнар. права была абумоўлена яе статусам раўнапраўнага члена ААН і інш. міжнар. арг-цый. Цэнтрам падрыхтоўкі навук. кадраў па міжнар. праве стаў Аддзел прававых навук Ін-та філасофіі і права АН Беларусі, дзе з 1950-х г. дзейнічала аспірантура па гэтай спецыялізацыі. Праблематыка навук. даследаванняў была прысвечана абгрунтаванню міжнар. правасуб’ектнасці БССР, формам яе ўдзелу ў кадыфікацыйным працэсе, дыпламат. праву, пытанням правапераемнасці міжнар. дагавораў (Я.​М.​Семірыхін, В.​А.​Круталевіч, Л.​В.​Паўлава, Ю.​П.​Броўка, Л.​У.​Уласава, М.​М.​Авакаў). Былі апубл. манаграфіі «Міжнародная правасуб’ектнасць БССР» (1967) і «Беларуская ССР — суверэнны ўдзельнік міжнародных зносін» (1974) Ю.​П.​Броўкі, «Правапераемнасць міжнародных дагавораў» Л.​У.​Уласавай (1985) і інш.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалося актыўнае фарміраванне бел. школы міжнар. права і адпаведнай сістэмы прафес. падрыхтоўкі юрыстаў-міжнароднікаў. У 1992 створана кафедра міжнар. права юрыд. ф-та БДУ і аспірантура пры ёй, у 1995 адкрыта аддзяленне міжнар. права на ф-це міжнар. адносін БДУ. У 1999 выдадзены навуч. дапаможнікі «Міжнароднае гуманітарнае права» В.​Ю.​Калугіна, Л.​В.​Паўлавай і І.​В.​Фісенкі, «ЮНЕСКА і правы чалавека» Л.​В.​Паўлавай і А.​Я.​Вашкевіч (2002). Міжнар. абароне правоў чалавека і міжнар. гуманіт. праву ў перыяд узбр. канфліктаў прысвечаны навуч. дапаможнік Л.​В.​Паўлавай і А.​І.​Зыбайла (2002). Апубл. зб. міжнар.-прававых дакументаў і нац. заканадаўчых актаў па пытаннях бежанцаў (2000), нарматыўных актаў па консульскіх пытаннях (2003), практыкум па міжнар. праве для бакалаўраў Л.​В.​Паўлавай (2003). Прадметам даследавання бел. вучоных-юрыстаў сталі такія актуальныя праблемы міжнар. права, як правапераемнасць дзяржаў у адносінах уласнасці, даўгоў і архіваў (Т.​Я.​Ушакова), міжнар. трацейскі суд (А.​А.​Папкоў), інстытуцыйны механізм міжнар. супрацоўніцтва па пытаннях інтэлектуальнай уласнасці (А.​Б.​Леановіч), Еўрап. Саюз як мадэль міжнар. інтэграцыі (Ю.​А.​Лепешкаў), юрысдыкцыя Міжнар. суда ААН (А.​У.​Велічкоўскі), міжнар.-прававая рэгламентацыя інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі (В.​М.​Арцёмава, А.​Л.​Козік, А.​П.​Марыкаў) і інш. Н.-д. дзейнасць бел. вучоных-міжнароднікаў ажыццяўляецца ў рамках навук. праграм кафедры міжнар. права БДУ па тэмах: «Роля міжнароднага права ў рэфармаванні прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь» і «Міжнародная правасуб’ектнасць Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». Аналізуюцца пытанні міжнар. абароны правоў чалавека (А.​М.​Старавойтаў, А.​М.​Жырмент), дзейнасці міжнар. арг-цый (І.​А.​Баркоўскі, Ю.​А.​Лепешкаў, В.​А.​Астапенка), міжнар. крымін. права (У.​У.​Мяркушын, І.​А.​Тарасаў), імунітэту дзяржаў (А.​І.​Краўчанка, Р.​Р.​Галсцян), міжнар. прыватнага права (А.​В.​Бабкіна, Ю.​А.​Кудравец, А.​Б.​Леановіч), суадносін міжнар. і нац. права (А.​І.​Зыбайла, Л.​В.​Паўлава). Канцэптуальныя распрацоўкі даследчыкаў публікуюцца ў «Беларускім часопісе міжнароднага права і міжнародных адносін», які выдаецца з 1996. У 2001 у БДУ створаны спецыялізаваны вучоны савет па абароне дысертацый па міжнар. праве. Бел. юрысты прымаюць удзел у міжнар. і рэсп. навук.-практ. канферэнцыях па праблемах міжнар. права, у дзейнасці экспертных груп, камісіі па імплементацыі міжнар. гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і інш.

Літ.:

Бровко Ю.П. Белорусская ССР и прогрессивное развитие международного права. Мн., 1979;

Власова Л.В. БССР в международном культурном и научно-техническом сотрудничестве. Мн., 1985;

Фисенко И.В. Борьба с международными преступлениями в международном уголовном праве. Мн., 2000;

Калугин В.Ю. Механизм имплементаций международного гуманитарного права. Мн., 2003;

Меркушин В.В. Борьба с транснациональной организованной преступностью. Мн., 2003.

Л.​В.​Паўлава.

т. 18, кн. 2, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)