МАТЭМАТЫЧНЫЯ НАВУКІ
Тэорыя лікаў (508).
Алгебра (509).
Алгебраічная геаметрыя (509).
Геаметрыя (510).
Тэорыя апраксімацыі (510).
Тэорыя функцый і інтэгральных ураўненняў (511).
Тэорыя звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў (511).
Матэматычная фізіка (512).
Тэорыя аптымальнага кіравання (512).
Функцыянальны аналіз (513).
Вылічальная матэматыка (513).
Тэорыя імавернасцей і матэматычная статыстыка (514).
Тэорыя графаў (514).
Даследаванне аперацый (515).
Развіццё матэм. навук на Беларусі пачалося з адкрыццём БДУ (1921, Мінск). У даваенны перыяд (1921—41) даследаванні па матэматыцы праводзіліся таксама ў БСГА (з 1925), Фізіка-матэм. ін-це АН Беларусі (1931—38), Віцебскім пед. ін-це (з 1930). Распрацоўкай тэарэт. праблем і іх дастасаваннямі займаліся І.К.Богаяўленскі, Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер, У.К.Дыдырка, І.С.Пятосін, Я.Е.Сіроцін, М.А.Сталяроў і інш.; асн. кірункі: алгебра, геаметрыя, дыферэнцыяльныя ўраўненні, лікавыя метады, тэорыя функцый.
Сістэматычныя матэм. даследаванні пачаліся ў 1950-я г. Абаронена першая на Беларусі доктарская дысертацыя па матэматыцы (Дз.А.Супруненка, 1955). У 1956 акадэмікамі АН Беларусі выбраны У.І.Крылоў і М.П.Яругін, якія арганізавалі матэм. аддзелы па праблемах дыферэнцыяльных ураўненняў і па метадах вылічэнняў у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі. Адначасова ў БДУ аднавіла работу кафедра дыферэнцыяльных ураўненняў (заг. М.П.Яругін), створана кафедра выліч. матэматыкі (заг. У.І.Крылоў). У 1958 адкрыты матэм. факультэт БДУ (да 1963 дэкан Дз.А.Супруненка). У 1959 з Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі вылучыўся Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі (дырэктар М.П.Яругін). Ін-т матэматыкі (з 1965) — вядучая матэм. ўстанова на Беларусі. Значны ўклад у развіццё матэматыкі на Беларусі зрабілі акадэмікі Нац. АН Беларусі Я.А.Барбашын, І.В.Гайшун, Ф.Дз.Гахаў, М.А.Ізобаў, У.І.Крылоў, У.П.Платонаў, У.Г.Спрынджук, Дз.А.Супруненка, С.А.Чуніхін, М.П.Яругін; чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.В.Гарохавік, Э.І.Грудо, А.Я.Залескі, Я.А.Іваноў, В.І.Карзюк, Ф.М.Кірылава, В.С.Танаеў, Л.А.Шамяткоў, Л.А.Яновіч.
У наш час матэм. даследаванні вядуцца ў Нац. АН і 20 ВНУ Беларусі. Асн. кірункі даследаванняў: дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; матэм. тэорыя дынамічных сістэм і працэсаў кіравання; матэм. і функцыянальны аналіз; матэм. фізіка; алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; выліч. матэматыка і матэм. мадэліраванне; матэм. кібернетыка, тэорыя інварыянтаў і матэм. статыстыка; гісторыя матэматыкі і методыка выкладання матэматыкі.
Шэраг прац бел. матэматыкаў адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі і прэміямі. Званне Героя Сац. Працы прысвоена М.П.Яругіну (1969); Ленінская прэмія прысуджана У.П.Платонаву (1978); Дзярж. прэміі СССР — Г.П.Лапато, Г.К.Сталярову (1970); Я.А.Барбашыну (1972); А.І.Гаро, Э.В.Кавалевічу, Л.Т.Чупрыгінай, Я.С.Шагідзевічу (1978); Дзярж. прэміі Беларусі — Я.І.Вялеську (1972); Дз.А.Супруненку (1974); У.В.Бабкову, У.І.Крылову, П.І.Манастырнаму (1978); Н.С.Жаўрыд, Л.І.Мацюшэнкавай, А.С.Мяцельскаму, М.Л.Пятровіч, Н.Дз.Сакаловай, М.В.Шкуту (1982); В.І.Карзюку, Я.В.Радыну, М.І.Юрчуку (1996); А.І.Мельнікаву, У.І.Сарванаву, Р.І.Тышкевіч, У.А.Ямелічаву (1998); І.В.Гайшуну, В.С.Гардону, М.А.Ізобаву, М.Я.Кавалёву, Ю.Н.Сацкову, В.А.Струсевічу, В.С.Танаеву, Я.М.Шафранскаму (2000).
А.А.Гусак.
т. 18, кн. 2, с. 508